Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 лютага 2021, 13:06

Кобрынскі музей да свайго юбілею падрыхтаваў цыкл выставак аднаго прадмета

2 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава падрыхтаваў да свайго 75-годдзя цыкл выстаў аднаго прадмета "Экспанат для цікаўных, або з Тайнікоў музея", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар установы культуры Алена Бабенка.

На працягу года пройдуць 12 выстаў. Раз у месяц акрамя пастаяннай экспазіцыі наведвальнікі змогуць убачыць прадмет з музейнага фонду, які раней ніколі не экспанаваўся. Гэта можа быць зброя, нейкая ўзнагарода, кніжная прадукцыя, абмундзіраванне, прадмет з архіва або асабістай калекцыі вядомага чалавека. Артэфакт будзе выстаўляцца ў апошняй зале экспазіцыі.

"Ідэю мы перанялі ў абласнога краязнаўчага музея і таксама вырашылі паказаць крыху свае фонды, якія налічваюць 25 тыс. прадметаў. З іх у пастаянных экспазіцыях выстаўлена каля 3 тыс. Пры гэтым ёсць такія прадметы, якія не ўпісваюцца ў тэматыку экспазіцыі, але ўяўляюць сабой даволі цікавыя гістарычныя рэдкасці і каштоўнасці. Якраз іх мы і хочам выкарыстоўваць у час гэтых незвычайных прэзентацый", - растлумачыла Алена Бабенка.

Для першай выставы цыкла адабраны прадмет, які лічыцца ў фондах нумар 1. З яго, уласна кажучы, і пачаўся збор калекцыі кобрынскага музея. Гэта выпіска з паслужнога спіса Артылерыйскага гістарычнага музея Чырвонай Арміі "Біяграфічныя даныя аб службе вялікага рускага палкаводца А.В. Суворава", выдадзеная ў Ленінградзе ў 1940 годзе. Кніга перададзена ў дар складальнікам - ваенным гісторыкам Ціханам Вараб'ёвым, аб чым сведчыць дароўны надпіс на вокладцы.

З першым з 12 экспанатаў можна будзе азнаёміцца да 15 лютага, а затым яго месца зойме чарговы артэфакт.

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава створаны па рашэнні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 6 ліпеня 1946 года. Музей заснаваны ў доме, які ў канцы ХVIII стагоддзя прыналежаў рускаму палкаводцу. Першая экспазіцыя тут была адкрыта 1 мая 1948 года і прысвечана выключна жыццю і дзейнасці Суворава. Напярэдадні 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у маі 1995 года, у новым будынку музея адкрылася другая пастаянная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Кобрына.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі