Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2023, 09:56

Кніжныя рарытэты і даведнікі: выставу "Жамчужыны беларускай прыроды" прадставілі ў НББ

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжныя рарытэты, фотаальбомы, даведнікі ў ілюстрацыях, турыстычныя буклеты прадставілі ў Нацыянальнай бібліятэцы на выставе "Жамчужыны беларускай прыроды" да Сусветнага дня запаведнікаў і нацыянальных паркаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт НББ.

Экспазіцыя складаецца з 9 тэматычных раздзелаў: "Прыродныя тэрыторыі Беларусі пад аховай", "Нацыянальныя паркі Беларусі. Белавежская пушча", "Нацыянальныя паркі Беларусі. Браслаўскія азёры", "Нацыянальныя паркі Беларусі. Нарачанскі", "Нацыянальныя паркі Беларусі. Прыпяцкі", "Па запаведных мясцінах. Бярэзінскі біясферны запаведнік", "Па запаведных мясцінах. Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік", "Заказнікі Беларусі", "Запрашаем у Беларусь".

На выставе прадстаўлены сапраўдны рарытэт - трэці том выдання "Жывапісная Расія", які выйшаў у 1882 годзе. Ён складаецца з дзвюх частак, адна з якіх мае назву "Беларускае Палессе". Тут размешчаны артыкулы, напісаныя спецыяльна для гэтага выдання гісторыкам і этнографам А.Кіркорам на аснове матэрыялаў, сабраных ім у экспедыцыях у 1840-1850-я гады. Расказваецца пра ўзгоркі і ўзвышшы, Нёманскі, Дняпроўскі і Заходне-Дзвінскі басейны, азёры, балоты, таксама пра звяроў і птушак. Нарыс ілюстраваны малюнкамі В.Дмахоўскага і М.Каразіна.

Да ліку ўнікальных экспанатаў на выставе варта аднесці выданне "Белавежская пушча" (1894), якое мае арыгінальны падзагаловак "Накіды пяром і фатаграфіяй". Кніга змяшчае артыкул пра Белавежскую пушчу і 40 фатаграфій Вішнякова з маляўнічымі краявідамі самага старажытнага запаведніка Еўропы. У гэтым шэрагу - выданне "Белавежская Пушча: яе гістарычны нарыс, сучасная паляўнічая гаспадарка і вышэйшыя паляванні ў Пушчы" (1903), багата ілюстраванае мастакамі, а таксама фатаграфіямі. Галоўная ўвага аўтарам звернута на апісанне самага вялікага прадстаўніка белавежскай фаўны - зубра і яго жыццё ў пушчы.

У экспазіцыі прадстаўлена манаграфія "Белавежская пушча: вытокі запаведнасці, гісторыя і сучаснасць", падрыхтаваная Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006-2010 гады; энцыклапедыя "Прырода Беларусі" ў трох тамах; навукова-папулярныя выданні; фотаальбомы з работамі вядомых беларускіх фотамастакоў С.Плыткевіча, А.Дрыбаса, А.Клешчука, І.Бышнева; даведнікі ў ілюстрацыях; турыстычныя буклеты.

Выстава адрасавана студэнтам, выкладчыкам ВНУ, настаўнікам, краязнаўцам, шырокаму колу чытачоў. Работа экспазіцыі прадоўжыцца да 5 чэрвеня.

Штогод 11 студзеня адзначаецца Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў. Міжнароднай формай ахоўных тэрыторый з'яўляюцца біясферныя запаведнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі