Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лютага 2018, 17:28

"Кніжная спадчына Францыска Скарыны" перададзена ў дар Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Поўны камплект факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" перададзены ў дар Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта. Як паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, праект прэзентаваў намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алесь Суша.

На ўрачыстым вечары ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта прадстаўнікі пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, беларускіх грамадскіх арганізацый, устаноў культуры і навукі Латвіі, госці з Беларусі абмеркавалі дасягненні і перспектывы супрацоўніцтва.

У Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта, якая заснавана яшчэ ў 1524 годзе і з'яўляецца самай старажытнай бібліятэкай Латвіі, захоўваюцца ўнікальныя кніжныя зборы, у тым ліку некаторыя знакавыя помнікі беларускага паходжання. Удзельнікі мерапрыемства дамовіліся аб арганізацыі сумесных сустрэч, правядзенні прэзентацый, выставак, навуковых форумаў і дыскусій па актуальных пытаннях кніжнай культуры Беларусі і Латвіі.

Міжнародны навуковы і выдавецкі праект па аднаўленні кніжнай спадчыны першадрукара Францыска Скарыны, рэалізаваны НББ і Банкам БелВЭБ, завяршыўся ў 2017 годзе і стаў кульмінацыяй юбілейных мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, у Беларусі і за мяжой. Праект - каталізатар шэрага ініцыятыў, якія ў бліжэйшыя гады будуць папулярызаваць нацыянальную кніжную спадчыну як у краіне, так і за мяжой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі