
12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На адкрыцці выставы "Кнігі ў культурнай прасторы" адбылася перадача ў дар кніг аб гісторыі, культуры і мастацтве Татарстана Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мерапрыемства прайшло ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Татарстан у Беларусі. "Мы шчыра рады сустракаць Дня культуры Рэспублікі Татарстан на гасціннай беларускай зямлі, глыбока ўпэўнены, што ваша знаходжанне ў нашай краіне будзе суправаджацца пазітыўным настроем і рэзультатыўнай работай", - звярнуўся міністр культуры Анатоль Маркевіч да гасцей з Татарстана. Ён адзначыў, што Беларусь і Татарстан настроены на далейшую перспектыўную работу.
Міністр культуры Рэспублікі Татарстан Ірада Аюпава падзякавала беларусам за гасціннасць і дружбу, якую адчувае кожны з членаў дэлегацыі. "Мы прыяхалі сюды як дадому да самых блізкіх сваякоў і з вялікай радасцю прэзентуем сваю культурную спадчыну. Сёння ў Мінску мы адкрываем гастролі Качалаўскага тэатра, які з'яўляецца адным з настарэйшых тэатраў Расіі і спадкаемнікам рускай тэатральнай школы. Заўтра ў нас пройдзе канцэрт майстроў мастацтваў. Наш дзяржаўны ансамбль фальклорнай музыкі перадасць энергетыку і дух народа. Сюды таксама прыедзе камерны хор, аркестр і маладыя салісты. Я ўпэўнена, што вы ўсе зможаце пазнаёміцца з прыгажосцю нашай культуры", - адзначыла Ірада Аюпава.
"Нам ёсць чаму вучыцца адзін у аднаго. Трэба заўсёды бачыць у сваім калегу прафесіянала, паважаць гэты прафесіяналізм і жаданне падзяліцца самым галоўным: сваімі ведамі і ўменнямі. Дружба пачынаецца менавіта з умення аддаваць. Таму мы ад усёй душы дорым сёння невялікую калекцыю кніг, якая прэзентуе багатую гісторыю нашага народа і зямлі. Веды і культура - меч духоўнасці нашых народаў", - дадала міністр культуры Рэспублікі Татарстан.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Татарстан Мадзіна Тымерзянава сказала, што марыла прыехаць у Беларусь. "Мы з любоўю сабралі калекцыю кніг для Нацыянальнай бібліятэкі. Калі вы азнаёміцеся са зместам гэтых кніг, то зразумееце, наколькі мы адкрытыя, дружалюбныя і імкнёмся да ведаў", - сказала Мадзіна Тымерзянава.
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін заўважыў, што Беларусь і Татарстан, нягледзячы на сваё далёкае размяшчэнне адзін ад аднаго, маюць цікавыя культурныя сувязі. "Наша нацыянальнае адраджэнне адбывалася практычна сінхронна, нашы вялікія паэты тварылі ў адзін і той жа час. Васіль Качалаў, у гонар якога названы Казанскі драматычны тэатр, гэта Васіль Шверубовіч, ураджэнец Віленшчыны і сын беларускага праваслаўнага свяшчэнніка. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія культурныя і адукацыйныя ўстановы Беларусі былі вывезены ў Казань. І мы ўдзячны татарскаму народу, які прыняў і абагрэў людзей, вымушаных пакінуць сваю радзіму. У партызанскіх атрадах на беларускай зямлі змагаліся сотні ўраджэнцаў Татарстана. Больш за 11 тыс. татар загінулі пры вызваленні Беларусі. Шматвяковыя сувязі, якія пераходзяць з пакалення ў пакаленне, цяжка пераацаніць. Яны для нас вельмі важны. Традыцыі, павага і дыялогі культур аб'ядноўваюць два нашы народы", - падкрэсліў Вадзім Гігін.-0-