Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 ліпеня 2021, 13:58

Кніга пра Смаленскую бітву і абарону Магілёва ў гады ВАВ выйшла ў "Беларускай энцыклапедыі"

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга "Беларусы на смаленскіх рубяжах летам 1941 года" з серыі "Гісторыя для школьнікаў" выйшла ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", паведамілі БЕЛТА ў выдавецтве.

Яна расказвае пра Смаленскую бітву савецкіх войскаў з войскамі гітлераўскай Германіі ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны. "Гэта бітва доўжылася два месяцы (63 дні) - з 10 ліпеня па 10 верасня 1941 года. Шырыня фронту баявых дзеянняў складала 600-650 км. Пачаўшыся на Дняпры і Заходняй Дзвіне, бітва папярэднічала гістарычнай бітве за сталіцу Савецкага Саюза горад Маскву. Зона ваеннага проціборства падчас Смаленскай бітвы ўключала ў сябе і тэрыторыі Беларусі. Састаўной яе часткай была абарона Магілёва 3-27 ліпеня 1941 года. Гэта легендарная старонка ваеннай гісторыі. План абароны горада быў распрацаваны штабам 61-га стралковага корпуса (камандзір - генерал-маёр Фёдар Бакунін). Непасрэдна абарона горада была ўскладзена на 172-ю стралковую дывізію генерал-маёра Міхаіла Раманава. Начальнікам абароны Магілёўскага раёна быў назначаны генерал-маёр Фёдар Бакунін", - расказалі ў выдавецтве.

Разам з часцямі Чырвонай Арміі ў абароне Магілёва ўдзельнічалі 12 тыс. апалчэнцаў, аб'яднаных у складзе 14 батальёнаў. У баях пад Магілёвам гітлераўцы страцілі 24 самалёты, каля 200 танкаў, 400 матацыклаў, 500 аўтамашын. Былі знішчаны 15 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка і ўзяты ў палон амаль 2 тыс. Гэтыя сілы захопнікаў, якія накіроўваліся да Масквы, не дайшлі да яе, а закончылі свой шлях на подступах да Магілёва. Абарона горада дала выйгрыш у часе для мабілізацыі сіл на адпор ворагу. Утрымліваючы горад, яго абаронцы парушылі сістэму забеспячэння гітлераўскіх войскаў, адцягнулі ўвагу значных сіл праціўніка на сябе і нанеслі яму значны ўрон. На Буйніцкім полі каля Магілёва ў гонар абаронцаў горада ўзведзены мемарыяльны комплекс з музеем і капліцай, устаноўлены памятныя дошкі з сотнямі прозвішчаў воінаў і народных апалчэнцаў, якія загінулі пры абароне горада. Іх імёны ўвекавечаны ў назвах гарадскіх вуліц.

"Памяць пра абаронцаў Радзімы для нас свяшчэнная. Часткай Смаленскай бітвы 1941 года быў таксама контрудар 21-й арміі ў сярэдзіне ліпеня 1941 года ў раёне гарадоў Рагачоў і Жлобін. Застаўшы германскае камандаванне знянацку, 21-й арміі ўдалося на цэлы месяц вызваліць і ўтрымліваць у сваіх руках два гэтыя беларускія гарады. І гэта амаль на 2 месяцы раней, чым быў вызвалены горад Ельня ў Смаленскай вобласці (у перыяд з 30 жніўня па 8 верасня 1941 года), які ў літаратуры часам называюць першым савецкім горадам, вызваленым Чырвонай Арміяй падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але першая значная перамога Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне была пад Рагачовам і Жлобінам. Вораг быў надоўга спынены ў міжрэччы Дняпра і Бярэзіны", - прадоўжылі ў "Беларускай энцыклапедыі".

Унікальным фактам у гісторыі Смаленскай бітвы з'яўляецца ўдзел у ёй батарэі механізаваных рэактыўных установак, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай "Кацюша". "Камандзірам батарэі быў назначаны вопытны капітан Іван Флёраў, удзельнік савецка-фінляндскай вайны. У батарэі было 7 пускавых установак рэактыўных снарадаў М-13 на базе грузавікоў ЗІС-6, 44 грузавыя машыны для перавозкі боепрыпасаў, асабовага складу, гаруча-змазачных матэрыялаў. У ноч з 12 на 13 ліпеня 1941 года па трывозе батарэя накіравалася да Оршы. 14 ліпеня 1941 года ў 15.15 упершыню ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў зроблены залпавы ўдар батарэі "Кацюш". У той жа дзень батарэя нанесла другі ўдар па праціўніку, які захапіў плацдарм на рацэ Аршыца", - дадалі ў выдавецтве.

Кніга таксама расказвае пра подзвігі ў ходзе Смаленскай бітвы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, прадстаўнікоў іншых брацкіх народаў - генералаў і ваеначальнікаў, воінаў-чырвонаармейцаў, прадстаўнікоў розных родаў войскаў, якія найбольш вызначыліся ў баях і ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі