Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 ліпеня 2021, 17:47

Кніга юнай пісьменніцы Сафіі Ворсы пра падарожжы выйшла ў "Беларускай энцыклапедыі"

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга "Спідометр" юнай беларускай пісьменніцы Сафіі Ворсы выйшла ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выдавецтве.

Новая кніга Сафіі Ворсы расказвае пра дарогу, падарожжы, сустрэчы ў дарозе. "Выданне ўбачыла свет у той час, калі многія мараць пра паездкі. Ізаляцыя, закрытыя межы з-за COVID-19, адкладзеныя, а потым і адмененыя падарожжы - ужо больш за год усе мараць аб тым, каб гэта хутчэй скончылася, і тады жыццё, як нам здаецца, вернецца ў нармальнае рэчышча. Наша стаўленне да паездак змянілася", - адзначылі ў выдавецтве.

У "Беларускай энцыклапедыі" падкрэслілі, што Сафія Ворса любіць дарогу асаблівай любоўю - як можа любіць яе толькі малады чалавек, захоплены аўтастопам. "Калі падарожнічаеш без білета ў кішэні, загадзя аплачанага атэля, эмоцыі і ўражанні ад сустрэчы з дарогай будуць зусім іншымі, больш моцнымі, поўнымі, яркімі. У яе апавяданнях адбываюцца нечаканыя сустрэчы і адкрыцці, пераплятаюцца казка і рэчаіснасць, радасць і маркота - усё так, як у жыцці, толькі межы звычайнага ўжо зрушаны самой сітуацыяй падарожжа. Свет, які адкрываецца нам у гэтай невялікай кніжцы, глыбокі і цікавы", - расказалі ў "Беларускай энцыклапедыі".

"Асабліва важным здаецца тое адчуванне паўнаты жыцця, якое ўзнікае ў кожным фрагменце, прасвечвае скрозь кожную фразу. Мы сталі абачлівыя і асцярожныя, магчыма, занадта. Мы хочам прадбачыць усё, што толькі можа здарыцца, пастаянна непакоімся і думаем, што тым самым робім сваё жыццё лепшым. Але на самай справе часта за ўсімі планамі, прадуманымі ад і да, стаіць толькі непакой і яшчэ большы непакой - і больш нічога. Свежыя і моцныя эмоцыі, якіх так шмат у гэтых маленькіх апавяданнях, працівяцца таму, каб можна было падлічыць паварот сюжэту і думкі, звязаць прамой лініяй пачатак і канец", - упэўнены ў выдавецтве.

Кніга "Спідометр" просіць чытачоў паспрабаваць хоць на час чытання забыцца пра свае планы, вечную занятасць, пра мудрасць і вопыт і пражыць разам з героямі некалькі гадзін на поўнай хуткасці. Цалкам верагодна, што тыя, каму акажацца блізкім светаадчуванне аўтара, захочуць вярнуцца да апавяданняў, перачытаць іх яшчэ і яшчэ, а таксама, вядома, будуць чакаць новых кніг Сафіі Ворсы.

Сафія Ворса - юная беларуская пісьменніца, лаўрэат многіх міжнародных літаратурных конкурсаў. Яе творы вядомы чытачам Беларусі, Расіі, Балгарыі, Японіі, Літвы і Польшчы. Беларусы ўжо маглі прачытаць яе кнігі "Дзесяць простых гісторый", "Горад сляпых скрыжаванняў", "Дзень настаўніка", "Рыба".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі