Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 снежня 2021, 15:57

Класічныя танцы, стылізаваныя ўборы і святочныя сюрпрызы: у Бабруйску пройдзе навагодні баль

16 снежня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Класічныя танцы, стылізаваныя ўборы і святочныя сюрпрызы - у Бабруйску 17 снежня пройдзе традыцыйны навагодні баль. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.

Мерапрыемства адбудзецца ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і стане часткай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Удзел у навагоднім балі прымуць 34 пары - вучні 10-11-х класаў гарадскіх устаноў адукацыі. Гэта хлопцы і дзяўчаты, якія дабіліся значных поспехаў і высокіх вынікаў у вучобе, спорце і творчасці. Сярод іх - пераможцы алімпіяд, шматлікіх конкурсаў і спаборніцтваў, майстры і кандыдаты ў майстры спорту. Сярод запрошаных - прадстаўнікі выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый. Гледачамі стануць бацькі танцораў.

Усе прысутныя на балі - і госці, і танцавальныя пары - павінны захоўваць строгі дрэс-код. Дамы павінны быць у доўгіх вячэрніх сукенках пастэльных тонаў, з элегантнымі ўпрыгажэннямі, класічнымі прычоскамі і адпаведным макіяжам. У сваю чаргу мужчыны павінны ўвасабляць сабой стрыманасць і элегантнасць, іх знешні выгляд - белая кашуля, строгі касцюм і прыемная пачцівая ўсмешка.

Пары будуць танцаваць паланэз і польку знаёмстваў, кружыцца ў рытме вальса, выконваць падэпатынер або гісторыка-бытавы танец "Канькабежцы". Для таго каб усе рэверансы і танцавальныя па выглядалі бездакорна, а выканаўцы адчувалі сябе ўпэўнена, падрыхтоўка да навагодняга балю стартавала больш як за 2 месяцы да яго правядзення. Старшакласнікі пачыналі з дзвюх рэпетыцый на тыдзень, а ўжо непасрэдна перад самой значнай падзеяй іх колькасць павялічылася да трох.

На балі хлопцы і дзяўчаты паўдзельнічаюць у класічных бальных гульнях і поўнасцю акунуцца ў атмасферу салонных забаў моладзі мінулых стагоддзяў. Да свята таксама далучацца любімыя ўсімі казачныя персанажы Дзед Мароз і Снягурачка. Яны прапануюць праверыць спрытнасць і кемлівасць у вясёлых навагодніх забавах і добра правесці час. Маладых людзей чакаюць падарункі ад старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта і прыемныя сюрпрызы. Паводле слоў арганізатараў, на балі будзе ўзноўлены непаўторны і чароўны дух свята, які надоўга застанецца ў памяці ўсіх удзельнікаў.

"Мы ўзновім традыцыі мінулых дзён і пастараемся максімальна дакладна перадаць атмасферу класічнага дваранскага балю, - падзялілася Алена Лісіца. - Асаблівы настрой запрошаныя адчуюць адразу, як толькі пераступяць парог бальнай залы: памяшканне будзе святочна ўпрыгожана і ярка асветлена, а яго цэнтральнай дамінантай стане навагодняя ёлка. Таксама ў нашай бальнай прасторы будзе арганізавана работа трох салонаў, кожны з якіх стылізуюць у адпаведнасці з часавым перыядам. Так, госці і ўдзельнікі мерапрыемства пабываюць адразу ў трох эпохах - XVI-XVII, XVIII-XIX і XX-XXI стагоддзях".

Паводле слоў Алены Лісіцы, навагодні баль арганізаваны ўжо трэці раз: "З году ў год гэта захапляльнае і незвычайнае мерапрыемства праходзіць для нас як быццам упершыню - з зусім новымі эмоцыямі і ўражаннямі. Усе жывуць гэтым днём: чакаюць свята, танцаў і навагодняй весялосці".

Паводле слоў начальніка ўпраўлення па адукацыі, навагоднімі і каляднымі мерапрыемствамі будуць ахоплены навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі Бабруйска. У час правядзення рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" асаблівую ўвагу традыцыйна ўдзеляць моладзі, якая апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі. У гэты перыяд дадатковай цеплынёй і клопатам будуць акружаны дзеці, што засталіся без апекі бацькоў і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сіроты і дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў.

Акрамя навагодняга балю ў праграму дабрачыннай рэспубліканскай акцыі ўвойдзе святочнае мерапрыемства ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Бабруйска, якое адбудзецца 23 снежня. Адным з самых маштабных і чаканых стане гарадское навагодняе дабрачыннае свята. Яно адбудзецца 29 снежня ў бабруйскім Палацы мастацтваў і збярэ каля 700 юных гараджан. Дзеці ўбачаць музычную казку "Навагоднія прыгоды Аладзіна" і атрымаюць святочныя падарункі.

Маштабная навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022-га. У Магілёўскай вобласці яе ўдзельнікамі стануць амаль 150 тыс. юных жыхароў рэгіёна, па ўсёй Беларусі - каля 1 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі