Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 кастрычніка 2021, 18:34

Кінатыдзень "Тураўская восень" адкрыўся ў Магілёве

18 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Кінатыдзень "Тураўская восень" адкрыўся сёння ў Магілёве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве "Кінавідэапракат".

Адкрыццё прайшло ў кінатэатры "Радзіма". У гэтым годзе мерапрыемства прымеркавана да 85-годдзя з дня нараджэння беларускага кінарэжысёра, сцэнарыста ХХ стагоддзя, народнага артыста СССР і БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктара Турава.

Удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі сталі член Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Косцераў і вучні ДУА "Сярэдняя школа нумар 1 г. Магілёва". Разам яны ўсклалі кветкі да памятнай дошкі Віктара Турава, якая ўсталявана на фасадзе кінатэатра. Пасля гэтага прайшоў паказ мастацкага фільма "Людзі на балоце".

"Кінатыдзень, прысвечаны ўраджэнцу Магілёва і знакамітаму беларускаму кінарэжысёру Віктару Тураву, праходзіць у абласным цэнтры ўжо амаль 20 гадоў. Яго творчасць і фільмы прадаўжаюць быць цікавымі нашым гледачам, - падкрэсліла начальнік аддзела рэкламы, сувязі са СМІ і метадычнай работы магілёўскага Кінавідэапракату Алена Цярэня. - Гасцямі нашага кінатыдня часта становяцца моладзь і школьнікі. І на паказах яны не толькі знаёмяцца з цікавымі фільмамі, але і лепш пазнаюць свой край і яго гісторыю. У Год народнага адзінства гэта асабліва актуальна. Акрамя таго, у нашых гледачоў ёсць магчымасць паглядзець экранізацыі знакамітых мастацкіх твораў. Напрыклад, сёння ішоў фільм "Людзі на балоце" паводле твора Івана Мележа".

Як адзначылі ў адміністрацыі кінатэатра, з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі ва ўстанове прыняты ўсе меры бяспекі. Устаноўлены санітайзеры, гледачоў просяць захоўваць масочны рэжым і меры па сацыяльным дыстанцыраванні. Акрамя таго, у кінатэатры працуюць сучасныя ачышчальнікі паветра.

Кінатыдзень "Тураўская восень" праходзіць у кінатэатрах "Чырвоная Зорка", "Радзіма", "Космас", "Ветразь" па 24 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі