Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 сакавіка 2016, 10:16

Кембрыдж перадаў Беларусі лічбавую копію выдання Скарыны

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусь з Вялікабрытаніі вярнулася спадчына Скарыны - пакуль толькі віртуальна, але ёсць надзея, што да юбілею айчыннага кнігадрукавання беларусы змогуць убачыць і арыгінал, паведаміў БЕЛТА намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша.

У канцы сакавіка пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі і пасольства краіны ў Вялікабрытаніі з Кембрыджа, дзе ў бібліятэцы аднаго з каледжаў захоўваецца выданне Францыска Скарыны, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі перададзена лічбавая копія выдання.

Размова ідзе аб "Першай кнізе Царстваў", выдадзенай Францыскам Скарынам у Празе ў 1518 годзе. Экзэмпляр не поўны, гэта фрагмент выдання. "Але сёння кожная старонка, кожнае слова беларускага асветніка ўспрымаецца намі як нацыянальная святыня", - падкрэсліў Аляксандр Суша.

Гэта акцыя стала вынікам доўгіх перагавораў, лічбавая копія зроблена і перададзена ў Беларусь абсалютна бясплатна.

На гэты момант вядуцца перагаворы аб магчымасці і ўмовах атрымання выдання для часовага экспанавання ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. "Несумненна, гэта стала б адной з важнейшых падзей у культурным жыцці нашай краіны. Але айчынныя даследчыкі ўжо сёння могуць азнаёміцца з гэтым амаль недасягальным для іх раней кніжным помнікам", - дадаў Аляксандр Суша.

"Выданні заснавальніка беларускага кнігадрукавання, аднаго з найбольш вядомых дзеячаў беларускай культуры Францыска Скарыны сёння захоўваюцца па ўсім свеце. З прыблізна 500 вядомых экзэмпляраў толькі 10 захоўваюцца ў Беларусі. Таму першачарговая задача для нас - выяўленне, апісанне, вывучэнне, а пры магчымасці і вяртанне гэтых унікальных помнікаў кніжнай культуры на радзіму першадрукара", - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі