Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 сакавіка 2023, 09:03

Казку-прытчу паводле Караткевіча прадставіць лялечны тэатр у Віцебску

10 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Казку-прытчу "Кацёл з каменьчыкамi" паводле аднайменнай п'есы Уладзіміра Караткевіча прадставяць 11 сакавіка ў Беларускім тэатры "Лялька" ў Віцебску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў тэатры.

Спектакль паводле твора беларускага класіка стаў своеасаблівай эксперыментальнай работай маладой актрысы Марыі Кавалёвай. Першы рэжысёрскі вопыт аказаўся для яе паспяховым - віцебскія і прыезджыя гледачы выказалі вялікую цікавасць да пастаноўкі. "Мы самі не чакалі такой вялікай цікавасці публікі да спектакля, усё склалася вельмі ўдала. Прычым работа знайшла водгук як у сваёй аўдыторыі - дзяцей 7 гадоў і старэйшых, так і дзяцей малодшага ўзросту. Ідуць на спектакль і 6-гадовыя гледачы, самі жадаючы зразумець закладзены сэнс", - адзначылі ў лялечным тэатры.

Сюжэт пастаноўкі адлюстроўвае апісаную Уладзімірам Караткевічам гісторыю, некаторыя падзеі і вобразы падаюцца метафарычна. Бацькі ідзе ў час вайны на фронт, а маці застаецца з дзецьмі, карміць якіх няма чым. Жанчына звяртаецца за дапамогай да чалавека, у якога ёсць усё, просіць толькі кацялок бульбы для дзяцей, але атрымлівае бессардэчную адмову. "Яна ідзе ў слязах, аднак пазней дома пачынае гатаваць у кацялку каменьчыкі. Раптам чароўным чынам анёл спускаецца з неба, даючы беднай сям'і бульбу, - растлумачылі ў тэатры. - Кожны глядач знаходзіць у гэтай казцы нешта сваё. У зале стаіць аглушальная цішыня, такая, што будзе чуваць нават камар. Спектакль кранальны, ён пазбаўлены нейкіх яркіх адценняў, вясёлкі, але паглынае ўвагу гледача. Многія дзеянні акцёры выконваюць без слоў. Але глядач сочыць за гэтым сюжэтам ад пачатку да канца. І сам матэрыял вельмі добры, цікавы ў беларускага пісьменніка. Ён дае інфармацыю, прымушае думаць і аналізаваць, разумець нешта глыбей і прадчуваць сюжэт эмацыянальна".

Гэта пастаноўка стала чацвёртай у "Ляльцы" паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Нядаўна тэатр запрашаў дарослага гледача на "Скрыпку дрыгвы й верасовых пустэчаў". Таксама ў рэпертуары - спектаклі "Ладдзя Роспачы" і "Скарб". Як адзначаюць у калектыве, творы беларускага класіка напоўнены глыбокім сэнсам і знаходзяць водгук як у самага юнага, так і ў гледача шаноўнага ўзросту. "Гэта наша родная спадчына, якую мы абавязаны захоўваць. І прыемна, што творы нашага земляка ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі", - дадалі ў тэатры.

Паглядзець казку-прытчу ў адной дзеі "Кацёл з каменьчыкамi" гледачоў запрашаюць 11 сакавіка ў 11.00 у Беларускі тэатр "Лялька".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі