Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 ліпеня 2022, 09:58

Казку "Кот у ботах" у арыгінальнай інсцэніроўцы пакажуць у Брэсцкім тэатры драмы

5 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы 5 ліпеня адбудзецца прэм'ера казкі для дзяцей "Кот у ботах", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Арыгінальную інсцэніроўку паводле матываў казкі Шарля Перо напісала загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Вера Шэлест. Рэжысёр-пастаноўшчык Дзяніс Фёдараў вызначыў жанр спектакля як "праўдзівая гісторыя, якой не было". Увасобіць задумку творчага тандэма дапамагала група мастакоў (на чале - Мікалай Палтарака), распісаўшы ўручную заднік тэатральнай сцэны пейзажамі сярэдневяковага замка. Кампазітар Раман Саўчук напісаў арыгінальную музыку. Над пластыкай акцёраў працаваў харэограф Ягор Каляда.

"Рэжысёр паставіў умову не занадта асучасніваць класічную казку. Але некаторыя змяненні я ўсё ж такі ўнесла. Яны датычацца перш за ўсё маралі гэтай гісторыі. На мой погляд, яна дастаткова спрэчная ў Шарля Перо, калі матэрыяльныя даброты атрымліваюць не толькі за кошт дзелавой хваткі, але хітрасцю і падманам. У інсцэніроўцы я вырашала гэту праблему. Акрамя таго, мне хацелася дадаць фарбаў у вобраз прынцэсы", - расказала Вера Шелест. Так у вядомай і ўсімі любімай гісторыі пра хітрага ката атрымаўся іншы пачатак.

У казачным каралеўстве здарылася бяда - кароль прайграў усё сваё багацце злому людаеду. Каб выратавацца ад даўгоў, яго вялікасць вырашае выдаць сваю дачку замуж за ліхадзея. Але прынцэса аказваецца не промах. Верныя сябры, млынар і кот Базіль, дапамогуць ёй хітрасцю і кемлівасцю перамагчы людаеда.

У пастаноўцы заняты артысты сярэдняга і малодшага пакалення тэатральнай трупы: Сяргей Кандрацюк, Іван Гізмонт, Яўген Багамолаў, Мікіта Хвалюк. Адзіную жаночую ролю ў спектаклі выконвае артыстка Ганна Цвірко. Яркі запамінальны вобраз людаеда стварыў Генадзь Чурыкаў.

Спектакль ідзе з паметкай 6+. Яго стваральнікі прадугледзелі любімы дзецьмі інтэрактыў, калі казачныя персанажы ўзаемадзейнічаюць з гледачамі ў зале. Некаторыя моманты, на думку аўтара інсцэніроўкі, павінны быць цікавыя таксама бацькам, якія прыйдуць у тэатр разам з дзецьмі.

Убачыць прэм'еру казкі "Кот у ботах" у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы можна сёння, 5 ліпеня, у 11.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі