9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесную вытворчасць шэрага фільмаў абмеркавалі ўдзельнікі Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД. У пасяджэнні прыняў удзел першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Мінкультуры.
У прыватнасці, адна з карцін мае рабочую назву "Казбек". Над ёю вядуць работу Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" сумесна з кінастудыяй "Узбекфільм". "Казбек" расказвае пра Героя Савецкага Саюза ўраджэнца Узбекістана Мамадалі Тапвалдыева, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў разведвальны атрад партызанскай брыгады "Чэкіст", дзеючай на тэрыторыі Беларусі.
Сумесна з Расіяй рэалізуюцца праекты пад рабочымі назвамі "Аліўе" і "Навагодні экспрэс". У распрацоўцы знаходзіцца і дакументальны праект "Апошні сведка" - сумесны кінаальманах краін СНД, прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі.
Акрамя таго, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" з узбекскімі партнёрамі плануе стварэнне дакументальнага фільма, прысвечанага Якубу Коласу.
Перспектыўным напрамкам таксама з'яўляецца ўзаемадзеянне кінаархіваў дзяржаў - удзельніц СНД і супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы кадраў для кінематаграфіі.-0-