Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 красавіка 2022, 09:34

Казачную графіку мастака Валерыя Славука запрашаюць убачыць у БДАМ

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выставачнай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася выстава кніжнай графікі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыя Славука "Ілюстрацыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў сам мастак, у экспазіцыю, прымеркаваную да яго 75-годдзя, увайшлі ілюстрацыі для розных кніжных выданняў, выкананыя з 2013 па 2022 год. Сярод такіх кніг "Куды скача пеўневы конь?", "Аднойчы ў Новым свеце", "Казкі на ноч", "Вядзьмар, які рабіўся ваўком".

"Каб адбыцца як мастак, трэба прайсці вялікі шлях, і Валерый Пятровіч таму пацвярджэнне. Для нашай акадэміі мець такога педагога і мастака - вялікае шчасце", - адзначыла першы прарэктар БДАМ Святлана Вінакурава.

Кнігі з ілюстрацыямі Валерыя Славука неаднаразова перавыдаваліся на замежных мовах, што сведчыць аб высокім узроўні майстэрства мастака. "Яго работы ў кніжнай і станковай графіцы шматразова ацэньваліся як высокія ўзоры сучаснага графічнага мастацтва вядучымі беларускімі і замежнымі мастацтвазнаўцамі, мастацкімі крытыкамі", - дадалі ва ўстанове культуры.

Выстава прадоўжыцца па 29 красавіка.

Валерый Славук у 1977 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. З 1981 года - член Беларускага саюза мастакоў. З 2004 года з'яўляецца прафесарам кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2015 годзе яму прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь". У 2017 годзе ён стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай школы станковай і кніжнай графікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі