3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабны выставачны праект "Чакайце нас, зоркі" праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, паведамілі БЕЛТА ў цэнтры.
Асновай для стварэння экспазіцыі сталі архіўныя фота- і відэаматэрыялы, плакаты савецкага часу, прысвечаныя космасу і развіццю навуковых тэхналогій, перыяду, калі гэтыя тэмы былі звязаны з актыўным рухам у новы свет навукі і тэхнічнага прагрэсу. У экспазіцыі прадстаўлены работы вядучага касмічнага мастака СССР Андрэя Сакалова і касманаўта Аляксея Лявонава. Адзін з альбомаў іх творчага саюза - "Чакайце нас, зоркі" - быў выкарыстаны ў якасці назвы выставы.
Асобная зала ў экспазіцыі прысвечана феномену захаплення ўсім паранармальным у познесавецкі перыяд. Касмічная тэма застаецца актуальнай і для сучасных аўтараў. Але іх погляд - гэта больш разважанні пра месца чалавецтва ў вывучаным Сусвеце, пра адказнасць чалавека перад сабой, прыродай і космасам.
На выставе прадстаўлены творы з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, расійскага музея-запаведніка Юрыя Гагарына, Нацыянальнай бібліятэкі, Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама твораў сучасных беларускіх аўтараў.
Выстава прадоўжыць работу да 29 студзеня.-0-