Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 лютага 2019, 14:07

Карлюкевіч: сімпозіум "Пісьменнік і час" - пляцоўка для ўмацавання міралюбных і добрасуседскіх адносін

7 лютага, Мінск, /Кар. БЕЛТА/. На адкрыцці V Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час", што праводзіцца на палях XXVI Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што сімпозіум з'яўляецца пляцоўкай для ўмацавання міралюбных і добрасуседскіх адносін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пяты раз у краіне сабраліся пісьменнікі з розных краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, ЗША, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, Францыі.

Міністр інфармацыі асобна падкрэсліў, што Расія прадстаўлена пісьменнікамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, а таксама літаратарамі іншых рэгіёнаў, членамі Саюза пісьменнікаў Расіі на чале з Мікалаем Івановым. "Мы ўдзячныя за такое актыўнае і важкае для нашай краіны прадстаўніцтва. Нагадаю, што Расія з'яўляецца цэнтральным экспанентам. Для нас гэта важна і значна. Традыцыя нашага сімпозіума вырасла з тых круглых сталоў, якія праходзяць у рамках Дня беларускага пісьменства ў верасні кожнага года, пачынаючы з 2007-га. Калі мы задумваліся аб мэтах сімпозіума, які праводзіцца з 2015 года, мы спадзяваліся на тое, што ён стане пляцоўкай для міралюбных добрасуседскіх адносін у гуманітарнай сферы, галіне культуры, літаратуры, мастацтва", - падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.

Паводле яго слоў, круглы стол і сімпозіум дапамагаюць з'яднацца перакладчыкам розных краін, дзякуючы якім беларускую літаратуру пачынаюць прадстаўляць шырэй у свеце. "Такім чынам мы пераходзім ад размоў аб раз'яднанасці да спраў, што вядуць да яднання, кансалідацыі і асэнсавання таго, што мы павінны быць разам. А нашым памочнікам у дасягненні добрых намераў павінна быць мастацкае слова", - дадаў міністр.

XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш праходзіць пад слоганам "Больш чым кнігі" з 6 па 10 лютага ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. На пляцоўцы каля 3 тыс. кв.м прадстаўлена больш за 400 экспанентаў ад 37 краін. Чакаецца, што выстаўку наведаюць каля 60 тыс. чалавек. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, суарганізатары - міністэрствы замежных спраў, адукацыі, культуры, ААТ "Белкніга", ТАА "Макбел".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі