Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лютага 2020, 15:48

Карлюкевіч: кніга садзейнічае камунікацыі, знаёмству і дружбе

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга садзейнічае камунікацыі, знаёмству і дружбе, заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на адкрыцці XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кніга - шырокая пляцоўка для камунікацыі, знаёмства, дружбы, - сказаў Аляксандр Карлюкевіч. - Беларусь - адкрытая кніга. Прыходзьце на кніжную выстаўку, на ўсе стэнды, да ўсіх экспанентаў, знаходзьце нешта сваё для чытання, адкрывайце новы свет".

У Беларусі ў 2019 годзе выдадзена каля 10 тыс. найменняў кніг і брашур агульным тыражом 24 млн экзэмпляраў. "Гэтыя кнігі, безумоўна, прысутнічаюць на выстаўцы, а побач з імі яшчэ некалькі тысяч назваў кніг і брашур, выдадзеных у Расійскай Федэрацыі, кніг на рускай і іншых мовах. У нашай краіне ў мінулым годзе выдадзена больш за 800 кніг на замежных мовах, больш за 550 з іх - на англійскай мове", - адзначыў міністр.

Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што кніжны форум сапраўды ўнікальны. "Кожная выстаўка - гэта цэлы год працы кнігавыдаўцоў, аўтараў, публіцыстаў і журналістаў", - дадаў ён.

Прывітанне Прэзідэнта ўдзельнікам Мінскай кніжнай выстаўкі зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.

XXVIІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе з сённяшняга дня па 9 лютага ў адміністрацыйным будынку па праспекце Пераможцаў, 14. Свае навінкі прадстаўляюць каля 400 экспанентаў з 30 краін блізкага і далёкага замежжа. Слоган форуму гэтага года - "Беларусь - адкрытая кніга". Ганаровым госцем кніжнай выстаўкі выступае Расійская Федэрацыя, цэнтральным экспанентам - Злучаныя Штаты Амерыкі.

Сёння ў дзень адкрыцця форуму пройдуць прэзентацыі міжнародных выдавецкіх праектаў, сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі. Заўтра адбудзецца Дзень аўтараў "Думкі ўслых". Яго асноўным мерапрыемствам стане Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час: літаратура як частка культурнага дыялогу", на які 6-ы раз прыедуць больш за 50 пісьменнікаў з 23 краін. Пройдуць прэзентацыі кніг Уладзіміра Караткевіча ў гонар 90-годдзя пісьменніка. Сваімі думкамі ўслых падзеляцца аўтары кніг: рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, сацыёлаг, дыпламат Іван Антановіч і многія іншыя.

У трэці дзень - "Беларусь - адкрытая кніга" - акцэнт будзе зроблены на беларускай тэматыцы: кнігі, аўтары, кухня. Акрамя таго, адбудзецца падвядзенне вынікаў 59-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". Чацвёрты дзень будзе асабліва цікавы для бацькоў і дзяцей, якія змогуць прыняць удзел у шматлікіх мерапрыемствах і прэзентацыях дзіцячай літаратуры. У гэты дзень пройдуць тэатралізаваныя пастаноўкі па кнігах розных аўтараў, інтэрактыўныя чытанні, літаратурныя квесты, майстар-класы, адбудзецца дыскусія з дэманстрацыяй новых фарматаў кніг, узнагароджванне пераможцаў літаратурнага конкурсу "Першацвет". Будуць таксама падведзены вынікі акцыі "Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць Беларусь праз 10 гадоў", арганізатарамі якой з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі. Пяты дзень выстаўкі завершыцца ўзнагароджваннем удзельнікаў кніжнага форуму за лепшыя экспазіцыі.

У дні выстаўкі ў кінатэатрах і на беларускіх тэлеканалах будуць паказаны фільмы па матывах кніг, у тэатрах пройдуць спектаклі па кніжнай тэматыцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі