31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрты і выставы-кірмашы пройдуць у гарадах і пасёлках Мінскай вобласці ў час акцыі "Мая Радзіма! Мая Беларусь!", паведамляе БЕЛТА.
Акцыя стартавала 25 ліпеня. За мінулы тыдзень мерапрыемствы прайшлі ў Івянцы Валожынскага раёна, Старобіне Любанскага раёна, Любані, Старых Дарогах, Крупках, Беразіно.
Сёння свята запланавана ў Стоўбцах. У праграме - работа забаўляльных пляцовак і гандлёвых пунктаў, выступленне аматарскіх калектываў Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры, канцэрт з удзелам групы "PROвакацыя", Алёны Ланской, Жанет, арт-групы "Беларусы", Аляксея Хлястова. Вечарам адбудзецца дыскатэка.
На выхадных мерапрыемствы пройдуць у аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна і ў Смалявічах. У Снове 1 жніўня адкрыецца выстава-кірмаш вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны і гандлёвыя пляцоўкі. А 2 жніўня ў Смалявічах наведвальнікі змогуць азнаёміцца з выставай карцін вучняў дзіцячай школы мастацтваў "Мая Смалявіччына". Для маленькіх гасцей свята будзе арганізавана дзіцячая пляцоўка з батутамі, каруселямі і тантамарэскамі. На абедзвюх пляцоўках пройдуць канцэрты. На сцэне, акрамя названых вядомых артыстаў, выступяць Вікторыя Алешка і салісты народнай студыі эстраднай песні "Сярэбраная трэль".
Далей мерапрыемствы адбудуцца ў Лагойску (3 жніўня), Капылі (4 жніўня), Смілавічах Чэрвеньскага раёна (5 жніўня), Мядзелі (6 жніўня), Радашковічах Маладзечанскага раёна (7 жніўня), Ракаве Валожынскага раёна (8 жніўня). Запланаваны выставы, творчыя сустрэчы і канцэрты.
Арганізатар акцыі - галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.-0-