
1 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа сёння ў гонар заканчэння навучальнага года прадставяць канцэрт пад адкрытым небам для ўсіх жадаючых. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар каледжа Ганна Сарасек.
Ужо другі год запар музычны каледж адкрывае свае дзверы і запрашае ўсіх жадаючых наведаць імправізаваную адкрытую канцэртную пляцоўку. На гэты раз усіх гасцей чакае асаблівае свята, прысвечанае апошняму званку, якое падораць выпускнікі 4-га курса. У праграме - вершы, песні, творчыя і музычныя нумары як знак удзячнасці выкладчыкам.
"Апошні званок у музычным каледжы - гэта атмасфера хвалюючай падзеі, дзе дарагое кожнае імгненне, паколькі не выпадкова свята называецца "Каледж - тэрыторыя сэрца". Адзін з талентаў каледжа - спалучаць нечаканыя элементы. Таму выпускнікі падрыхтуюць унікальны педагагічны дэсерт і на памяць любімым выкладчыкам пакінуць душэўны падарунак. Кульмінацыяй свята стануць творчыя нумары як дэманстрацыя выніку 4-гадовай работы тандэма выкладчык - вучань", - расказала Ганна Сарасек.
Канцэрт пад адкрытым небам пачнецца сёння ў 13.00 на пляцоўцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа.-0-