Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 студзеня 2024, 18:36

Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы на 2024-2026 гады зацверджана ў Беларусі 

3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады зацверджана ў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 961 ад 28 снежня 2023 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на інфармацыю Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.

У дакуменце сістэмна выкладзены падыходы да мэт, задач, прынцыпаў і асноўных напрамкаў развіцця нацыянальнай культурнай прасторы Беларусі.

Як адзначаецца, развіццё нацыянальнай культурнай прасторы накіравана на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго нацыянальна-культурнай самабытнасці, рэалізацыю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нацыі, актыўнае ўключэнне грамадзян у культурнае жыццё краіны пры захаванні культурнай разнастайнасці і адкрытасці да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў, лепшых узораў сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, носяць высокамастацкі і высокамаральны характар.

У дакуменце, у прыватнасці, вызначаны асноўныя прынцыпы развіцця нацыянальнай культурнай прасторы, устаноўлены механізмы рэалізацыі Канцэпцыі па асобных напрамках.

Напрыклад, для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў плануецца ў тым ліку павялічыць уключанасць насельніцтва краіны ў мерапрыемствы, якія фарміруюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі. У краіне маюць намер папулярызаваць падзеі і асобы, якія вылучыліся значным укладам у станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Згодна з дакументам, плануецца рэалізоўваць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне культуры вуснага і пісьмовага маўлення на дзяржаўных мовах у дзяржустановах, арганізацыях гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, СМІ.

Акрамя таго, размова ідзе аб укараненні ў работу ўстаноў і арганізацый усіх форм уласнасці практыкі святкавання дзяржаўных і сучасных беларускіх свят, правядзенні грамадзянскіх рытуалаў з выкарыстаннем нацыянальных традыцый, уключэнні адрэстаўраваных і закансерваваных гісторыка-культурных каштоўнасцей у культурны і турыстычны абарот.

Таксама агаворваецца, як будуць пашыраць і развіваць нацыянальную мастацкую культуру і мастацтва, за кошт чаго будуць дасягаць рэпрэзентацыі нацыянальнай культуры Беларусі ў інфармацыйным і лічбавым асяроддзі.

Дакументам таксама вызначаны механізмы і для развіцця культуры побыту, грамадскіх адносін і вытворчасці, а таксама для культурнага развіцця рэгіёнаў.

Вынікамі рэалізацыі Канцэпцыі бачыцца мэтанакіраваная дзяржаўная культурная палітыка, арыентаваная на захаванне адзінства беларускага народа і забеспячэнне далейшай кансалідацыі беларускага грамадства, а таксама ўмацаванне незалежнай беларускай дзяржавы і фарміраванне нацыянальнага чалавечага капіталу.

Міністэрству культуры даручана зацвердзіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі і забяспечыць каардынацыю адпаведнай работы.-0-


Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі