Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 кастрычніка 2021, 12:07

Камедыю становішчаў паставілі на сцэне Брэсцкага тэатра драмы

11 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы 10 кастрычніка адбылася прэм'ера спектакля "Адчайныя цёткі" паводле п'есы сучаснага расійскага драматурга Аляксандра Кароўкіна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Камедыю-фарс, крыху змяніўшы назву п'есы, паставіла рэжысёр Валянціна Янавец. "Наогул у Аляксандра Кароўкіна дзве назвы - "Цёткі" і "Мае адчайныя цёткі". Мы з ім пагаварылі, і ён дазволіў нам пакінуць наш варыянт. Ён нам здаўся больш прыдатным для спектакля, - растлумачыла рэжысёр. - Гэтага аўтара ў нашым тэатры ўжо ставілі - спектакль называўся "Палата бізнес-класа". Можна сказаць, гэта другая наша сустрэча з вядомым расійскім камедыёграфам, які працуе ў жанры камедыі становішчаў".

Трэба сказаць, што ў спектаклі ёсць усё, што ўласціва гэтаму іскрамётнаму жанру: забаўныя прыгоды, інтрыга, чарада непаразуменняў, блытаніна і шчаслівы фінал. У цэнтры апавядання - дзве мілыя, забаўныя дамы не першай маладосці. Гераінь закручвае вір падзей, звязаных з жаданнем занадта многіх людзей завалодаць іх радавым гняздом, размешчаным у самым цэнтры горада на элітнай зямлі. Але гэтым сёстрам палец у рот не кладзі - яны сапраўды адчайныя жанчыны.

Спектакль ідзе з узроставым абмежаваннем "16+". Галоўныя ролі ў пастаноўцы выканалі Таццяна Ваўчэцкая і Ірына Давыдзенка, а таксама Аляксей Шчарбакоў, Кацярына Яцкавец, маладыя артысты Міхаіл Ільіч, Іван Гізмант і Павел Асташэня. Над дэкарацыямі і касцюмамі працаваў мастак Мікалай Паўтарака, пластычныя сцэны паставіла артыстка Вольга Жук. Творчай камандзе разам з рэжысёрам удалося перанесці гледачоў у свет дабрадушнага гумару і лёгкай камедыі.

"Задача гэтага жанру - развесяліць публіку. Гэта спектакль, скажам так, для добрага настрою, каб глядач мог на час забыцца пра праблемы, адпачыць, падумаць пра нешта добрае. Думаю, работа над спектаклем прадоўжыцца, пастаноўка будзе ўдасканальвацца. Тут вельмі важны глядач, тое, як мы яго зацікавім, і як ён будзе ўспрымаць", - падзялілася Валянціна Янавец.

Другі паказ камедыі становішчаў "Адчайныя цёткі" адбудзецца 21 кастрычніка. У лістападзе ў рамках абменных гастролей прэм'ерны спектакль БАТД пакажуць на сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі