Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 студзеня 2022, 19:50

Калядная выстава створаных дзецьмі абразоў адкрылася ў Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне

5 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Гродне адкрылася калядная выстава намаляваных дзецьмі абразоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстава працуе ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, дзе прадстаўлена больш за 50 абразоў. Усе яны створаны выхаванцамі дзіцячай іканапіснай студыі. Цяпер у студыі займаюцца 28 дзяцей, самаму малодшаму з іх 8 гадоў.

"Дзецям падабаецца гэтым займацца, хоць работа і вельмі карпатлівая. На напісанне аднаго абраза ідзе нямала часу, можа быць і месяц, і год. Важна захоўваць усе неабходныя патрабаванні, паколькі кожная дэталь на абразе нешта сімвалізуе. Калі дзеці малююць абразы, то ведаюць, што і для чаго выкарыстоўваецца, гэта значыць на занятках яны атрымліваюць і шмат інфармацыі, пра якую наўрад ці дзе-небудзь змаглі б даведацца", - расказала выкладчык студыі Дар'я Пестунова.

Ствараюць абразы на розных матэрыялах - ад дрэва і тканіны да каменю. Важна строга выконваць пэўныя правілы, вытрымліваць паслядоўнасць этапаў.

"Гэта карпатлівая работа, якая патрабуе ўвагі, стараннасці, спакою ў душы, увагі да дэталей, а таксама глыбокіх ведаў. Але мне гэта падабаецца. Займаюся іканапісам ужо больш за 7 гадоў. Напісала каля 35 абразоў", - расказала адна з выхаванак студыі Маргарыта Пятрова. Частка яе абразоў захоўваецца дома, частка ў якасці падарункаў перададзена сваякам і сябрам. Цяпер дзяўчына ў асноўным піша імянныя абразы з выявай апекуна або заступніка таго ці іншага чалавека.

Больш за тры гады займаецца ў студыі 11-гадовая Марыя Аляшук. "Гэта вельмі цікавы занятак, хоць і няпросты. Трэба шмат ведаць, трэба ўмець працаваць з фарбамі, быць вельмі ўважлівай", - падзялілася яна.

Дар'я Пестунова адзначыла, што заняткі ў студыі садзейнічаюць творчаму развіццю дзяцей, развіваюць маторыку і ўважлівасць. Для многіх шлях у мастацкую школу пачынаўся менавіта праз іканапісную студыю.

Усе работы можна ўбачыць у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы да 14 студзеня. Цяпер храм таксама ўпрыгожваюць да Раства: прыбіраюць ёлкі, устанавілі вяртэп.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі