Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 верасня 2019, 16:46

Каля ста артыстаў з 18 краін удзельнічаюць у Мінскім фестывалі цыркавога мастацтва

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускай сталіцы адкрываецца ІІ Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва, у якім удзельнічаюць больш як сто артыстаў з 18 краін свету, заявіў журналістам дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Удзельнікамі фестывалю сталі каля ста майстроў цырка з Бразіліі, Кітая, ЗША, Аўстраліі, Ізраіля, Германіі, Туркменістана, Таджыкістана, КНДР, Румыніі, Малдовы, Мексікі, Венгрыі, Італіі, Украіны, Казахстана, Расіі і, вядома, Беларусі, якія ў дзвюх праграмах пакажуць 27 разнажанравых нумароў", - расказаў дырэктар Белдзяржцырка.

На фестывалі сабрана разнастайная жанравая палітра цыркавога мастацтва: акрабатыка, гімнастыка, жангліраванне, клаўнада, эквілібрыстыка, фокусы, дрэсура і атлетыка.

Паводле слоў Уладзіміра Шабана, некаторыя краіны прадставяць па два-тры нумары. "Так, з Расіі выступяць артысты Расдзяржцырка, Вялікага Маскоўскага дзяржаўнага цырка і Маскоўскага цырка Нікуліна на Цвятным бульвары, у якіх вельмі высокі выканальніцкі ўзровень. Расіяне прадставяць "Сустрэчныя арэлі", на якіх будуць працаваць дзяўчаты ў прыгожых бальных сукенках - гэта захапляючае відовішча. Выступіць Сяргей Несцераў з дрэсіраванымі белымі тыграмі, які пакажа філігранную работу дрэсіроўшчыка з жывёламі, без пуг і штыкоў, - растлумачыў ён. - Ізраіль прывязе фантастычны нумар з трансфармацыяй убораў за адну секунду Даніэля Біньяміна. У цэлым мы пастараліся сабраць як мага больш групавых нумароў, адзін з якіх прывязуць артысты КНДР - эфектны нумар "Канатаходцы", які паказвае неверагодныя магчымасці чалавечага цела. Беларусы таксама рыхтуюць некалькі нумароў".

Акрамя таго, на форуме выступіць клоўнскі дуэт Бэлы і Аляксандра Чарвоткіных і клоўн з Бразіліі Пэпэ Жардзім.

"Мы спадзяёмся, што другі фестываль атрымаецца яшчэ лепшым, - адзначыў Уладзімір Шабан. - Мы хочам прыгожа прадставіць нашу сінявокую Беларусь у пралогу, які завершыцца парадам-але ўдзельнікаў фестывалю са сцягамі сваіх краін. Сцэнарый распрацавалі мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас і галоўны рэжысёр Ала Нікалаева-Аліева".

Удзельнікі цыркавога форуму пазмагаюцца за такія ўзнагароды, як Гран-пры, золата, серабро, бронза, "Прыз глядацкіх сімпатый", "Прыз дзіцячага журы" і іншыя спецыяльныя прызы членаў журы. У судзейскую калегію ўвайшлі 10 чалавек: Урс Пілц (Манака), Ерык Жалжаксынаў (Казахстан), Жэніс Матабаш (Іспанія), Пітэр Фекетэ (Італія), Людміла Шаўчэнка (Украіна), Валянціна Савіна і Георгій Эрадзэ (Расія), Фабіа Мантыка (Італія), Пётр Дубінскі (ЗША) і Уладзімір Шабан. Ацэньваць артыстаў будуць па майстэрстве (трукавай частцы) і харэаграфіі (касцюмах, падачы, музычным афармленні) па 10-бальнай сістэме. Пры аднолькавай колькасці балаў будзе ўведзена дадатковае прызавое месца. Узнагароды ўручаць пасля гала-канцэрта. Асноўны прыз - цыліндр з парчы і саломкі - вырабіла ДВГА "Белмастацпромыслы".

Па выніках фестывалю будуць адабраны 15 лепшых нумароў для новай праграмы "Брава", якая будзе праходзіць у Белдзяржцырку з 27 верасня па 8 снежня.

ІІ Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва праходзіць у Беларускім дзяржаўным цырку з 19 па 22 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі