Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 снежня 2022, 16:22

Каля 30 вакалістаў Гомельскай вобласці сталі ўдзельнікамі адбораў на конкурсы "Славянскага базару"

8 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Каля 30 выканаўцаў Гомельскай вобласці падалі заяўкі на адборачныя туры дзіцячага і дарослага вакальных конкурсаў міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Свае нумары вакалісты рэгіёна прадстаўляюць журы сёння ў Гомелі на сцэне Гарадскога цэнтра культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Член журы - загадчык музычнай часткай Гомельскай абласной філармоніі Вікторыя Чарнова адзначыла, што крытэрыі ацэнкі застаюцца ранейшымі. "Перш за ўсё ацэньваем вакальныя даныя, артыстызм, уменне трымацца на сцэне, самавалоданне. Удзельнікі павінны быць стрэсаўстойлівыя", - сказала яна.

Перад пачаткам выступленняў каштоўны майстар-клас правёў для канкурсантаў старшыня журы - заснавальнік і кіраўнік арт-групы "Беларусы", спявак, кампазітар Валерый Шмат.

Кожны з удзельнікаў прадстаўляе дзве кампазіцыі. Са сцэны гучаць беларускія песні, творы славянскіх народаў, сусветныя хіты.

Васьмігадовая мазыранка Ксенія Шыла для адборачнага тура падрыхтавала "А мне б спяваць і танцаваць" і "Беларускую старонку". Дзяўчынка спасцігае тонкасці вакальнага майстэрства з трох гадоў. За гэтыя гады ўжо вызначыла для сябе формулу паспяховага выступлення: "Галоўнае - не хвалявацца, спяваць ад душы". Ксенія ўжо не аднойчы спрабавала свае сілы ў розных творчых конкурсах. "Прызёрам станавілася, аднак гран-пры яшчэ ў мяне няма", - сказала яна.

Валерыя Іванюціна прадстаўляе Гомель. Дзяўчыне - 14 гадоў. У адборачным туры да міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі ўдзельнічае не ўпершыню. У 2019 годзе ўвайшла ў пяцёрку мацнейшых ад вобласці. Сёлета на суд журы Валерыя прадстаўляе сваё бачанне выканання кампазіцый "Мой анёл" і "Музыка кахання".

"Удзел у конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску" - гэта і прэстыж, і ўнікальная магчымасць паказаць сябе, сваё майстэрства", - лічыць гамяльчанка.

Сярод дарослых свае сілы ўпершыню на конкурсе спрабуе Рубіна Фядзяй. "Настрой шыкоўны. Думаю, што ўсё атрымаецца", - падзялілася чаканнямі дзяўчына. Паводле яе слоў, у выступленні вельмі важны псіхалагічны настрой, а таксама рэпертуар, з якім выходзіш на сцэну.

"Музыкай я займаюся даўно і працую ў гэтай сферы - у Гомельскай абласной філармоніі. Музыка - гэта маё жыццё, мая душа", - дадала выканаўца.

А вось для медсястры кардыяцэнтра Марыі Кудрыцкай вакал - гэты занятак для душы. На адборачны тур дзяўчына прыехала адразу пасля сутачнага дзяжурства ў медустанове.

Марыя расказала, што пасля атрымання дыплома працавала ў Брагінскім раёне. "Там я пачала развівацца ў вакальным плане. Мяне запрашалі на мясцовыя канцэрты, публіка заўсёды сустракала цёпла, гэта і натхніла, і стала стартам", - адзначыла яна.

У такіх конкурсах дзяўчына ніколі раней не ўдзельнічала. "Я не прафесійная спявачка, спяваю для сябе, для знаёмых. Музычная школа ў маім жыцці была толькі два гады. Таму я не баюся, калі на конкурсе выступлю горш, у нечым уступлю іншым прэтэндэнтам. Галоўнае - проста атрымаць яркія эмоцыі. Для мяне сённяшняе выступленне - гэта выхад з зоны камфорту і магчымасць паспрабаваць свае сілы", - дадала яна.

Вынікі адборачнага тура агучаць ужо сёння. Ад рэгіёна трэба вызначыць да пяці чалавек у кожнай з груп, якія затым прадоўжаць барацьбу ўжо на рэспубліканскім узроўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі