ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 жніўня 2021, 09:00

Калекцыю карцін са збору сям'і мастака Гаўрылы Вашчанкі прадставілі на выставе ў Мінску

Фота з архіва
Фота з архіва

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі "Вобразы. Акварэль. Пастэль" адкрылася ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д.Шчамялёва падчас сумеснага з Беларускім саюзам мастакоў праекта "Класікі - сучаснікі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта праекта "Класікі - сучаснікі" - паказаць не толькі тыя работы аўтараў, якія часта экспануюцца і ўжо вядомыя. Асаблівасць сённяшняй экспазіцыі ў тым, што мы прадстаўляем калекцыю карцін са збору сям'і мастака Гаўрылы Вашчанкі", - сказала дырэктар мастацкай галерэі Галіна Ладзісава.

У экспазіцыі прадстаўлены пастэльныя і акварэльныя работы мастака, створаныя ў канцы 1990-2000-х гадоў.

"Гаўрыла Вашчанка быў першым мастаком, які дакрануўся да такога колеру, які параджала сама зямля, - адзначыла беларускі мастацтвазнавец Ларыса Фінкельштэйн. - Гэта былі колеры бульбы, цыбулі, каранёў і самой зямлі. Яны складаныя і тонкія, сціплыя і багатыя. Мяне заўсёды ўражвала, што майстар, які выхаваў такую вялікую колькасць манументалістаў, быў тонкім мастаком. Менавіта тонкасць паказалі сёння людзі, якія рыхтавалі выставу".

У сваіх пастэлях і акварэлях Гаўрыла Вашчанка не адмаўляўся ад класічных жанраў - пейзажа, партрэта, нацюрморта, тэматычнай кампазіцыі, але мяняў іх: выкарыстоўваў фрагментарна, уносіў абагульненне, дынаміку, уласнае манументальнае бачанне. Мастак выкарыстоўваў сімвалы, якія перадаваў праз вобразы людзей, дрэў, птушак. Настрой, вобраз, яркая метафара ў яго творах - усё гэта пра тое, што мы часам не можам нават апісаць словамі: пра водар і колер роднай зямлі, цеплыню адносін паміж блізкімі людзьмі, магію прыроды.

"Гэтыя работы раней нідзе не выстаўляліся і іх практычна ніхто не бачыў, - расказаў сын мастака Канстанцін Вашчанка. - Выставу мы рабілі разам з дачкой. Яна, як і я, мастачка, таму з прафесійнага пункту гледжання мы разумелі, што робім, хоць падбіралі работы больш інтуітыўна, каб яны добра гарманіравалі адна з адной. Тут прадстаўлена 25 акварэлей і 19 пастэлей, але гэта толькі частка таго, што ёсць у сямейнай калекцыі".

Паводле слоў Канстанціна Вашчанкі, яго бацька быў смелым, мэтанакіраваным і працавітым чалавекам. "Нават прыходзячы дадому, ён накідваў эскізы памерам з пачак запалак. Праз некаторы час я прыходзіў у майстэрню і бачыў ужо гатовае трохметровае палатно. Работы ствараліся даволі хутка. Былі выпадкі, калі да яго раптам прыходзіла натхненне, а пад рукой не было палатна. Ён мог узяць нават кавалачак пластыка і зрабіць накіды, з дапамогай якіх потым нараджаліся карціны", - дадаў ён.

Аўтар часта пазбаўляе акварэльныя работы прывычнай лёгкасці і празрыстасці і гэтым падкрэслівае выразнасць малюнка. У акварэлях ён выкарыстоўвае практычна ўвесь спектр магчымых прыёмаў, піша ў тэхніцы ала прыма, дабаўляе эфекты соллю, змыўкамі, парафінам. Пастэлі Гаўрылы Вашчанкі - адметная з'ява ў яго творчасці, мастак добра валодае матэрыялам, гуляе з фактурамі, колерам, эксперыментуе з маляўнічай асновай, тэкстурай паперы, штрыхамі і растушоўкамі.

"Трэба рабіць выставы пайшоўшых з жыцця мастакоў, таму што яны жывуць да таго часу, пакуль людзі бачаць іх работы. Ён жыў мастацтвам і да апошняга, пакуль мог, хадзіў у майстэрню. У планах зрабіць яшчэ адну экспазіцыю, прысвечаную яго графічным работам", - дадаў Канстанцін Вашчанка.

Гаўрыла Вашчанка - народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар. Больш вядомы як аўтар буйных жывапісных твораў, у якіх быў схільны да манументальнасці малюнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі