Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 чэрвеня 2022, 09:17

Юрый Башмет: каб музыка жыла, трэба імправізаваць

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каб музыка жыла, трэба імправізаваць. Такое меркаванне выказаў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор камернага ансамбля "Салісты Масквы" народны артыст СССР і Расіі Юрый Башмет 14 чэрвеня на сустрэчы з жуналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Увечары 14 чэрвеня на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Салісты Масквы" на чале з маэстра Юрыем Башметам выступалі перад сталічнай публікай з праграмай "Музычнае падарожжа". У яе ўвайшлі шэдэўры сусветнай класікі ад Моцарта да Брытэна, а таксама творы сучасных кампазітараў з Грузіі, Японіі і Кітая. Візіт калектыву ў Беларусь праходзіць у рамках юбілейнага турнэ, а таксама да 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Расіяй.

"У Расіі з Беларуссю блізкія адносіны, у тым ліку і дзякуючы класічнай музыцы. Наогул вы нашы, а мы вашы. Палюбоўна. Гэта так склалася", - сказаў у час прэс-канферэнцыі Юрый Башмет.

Расказваючы пра асаблівасці канцэртнай праграмы, ён адзначыў, што трэба імправізаваць, каб музыка жыла. "Нават у тым творы, які сто разоў ужо выконваўся. Калі вы слухачы, вы аказваецеся саўдзельнікамі. Калі музыка будзе запланавана, як штамп, гэта можа аказацца нясвоечасовым, ненадзейным і не захапляючым, у тым ліку і для выканаўцы. Таму ў творах, якія шмат разоў выконваліся, бярэцца крыху іншы тэмп, акордыка", - растлумачыў ён.

"Ёсць пэўныя творы, якія толькі мы іграем у свеце. Думаю, трэба браць вялікі твор, наш хіт і вар'іраваць яго такім чынам, каб чалавек, які першы раз прыйшоў на канцэрт класічнай музыкі, нават не ведаючы, хто аўтар, усё роўна адчуў, што недзе чуў яго. Таму ёсць вельмі папулярныя аўтары, нават зайграныя, а ёсць такія, з якімі хочацца пазнаёміцца", - звярнуў увагу альтыст.

Слухаючы канцэрт, публіка таксама павінна працаваць, падкрэсліў маэстра. "Але важна не перагружаць яе, каб гэта не аказаўся апошні канцэрт у іх жыцці. А раптам мы страцім новага Моцарта або Шастаковіча? Прыйдзе, пачуе фармальнае выкананне і назаўсёды забудзе пра існаванне канцэртаў класічнай музыкі".

"У мяне ансамбль вельмі ўсёедны, прагны да стылю. У адзін вечар мы можам выканаць усе шэсць Брандэнбургскіх канцэртаў. Ёсць рэчы, якія ўпершыню вы пачуеце, а ёсць тое, што шмат разоў чулі, але вам падасца нешта новае. Мой прынцып такі - ніякіх выканальніцкіх традыцый. Няхай гэта будзе самы геніяльны дырыжор, але гэта трактоўка нецікавая. Цікава тое, што напісаў аўтар", - сказаў Юрый Башмет.

Журналісты пацікавіліся, пра што ўзгадвае маэстра, калі заходзіць гаворка пра Беларусь. "Дранікі, вядома, - усміхаючыся, адказаў Юрый Башмет. - А яшчэ выдатны музыкант, першая скрыпка ў "Салістах Масквы" - беларус".

"Нават ваш унук іграе на скрыпцы, якую вы купілі ў Беларусі", - падкрэсліў генеральны дырэктар "Рускага канцэртнага агенцтва" Дзмітрый Грынчанка.

У праграме вечара на сцэне выступаюць салісты Андрэй Паскробка (скрыпка), Кірыл Краўцоў (скрыпка), Міхаіл Фейман (скрыпка), Андрэй Усаў (альт) і Віталь Астахаў (альт). Юрый Башмет у гэты вечар паўстае ў дзвюх ролях - дырыжора і саліста.

Адзін з найвядомейшых музыкантаў сучаснасці, які атрымаў сусветнае прызнанне, "Паганіні альта" Юрый Башмет - часты госць у Беларусі. За значны ўклад у развіццё беларуска-расійскіх культурных сувязей у 2008 годзе ён узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Камерны ансамбль "Салісты Масквы", створаны Юрыем Башметам, сёлета адзначае сваё 30-годдзе. У рэпертуары "калектыву сапраўдных аднадумцаў", лаўрэата прэміі "Грэмі" больш за 350 твораў сусветнай музычнай класікі ад барока да сучаснасці. На рахунку музыкантаў больш за 2,5 тыс. канцэртаў на самых вядомых пляцоўках ад Еўропы да Новай Зеландыі, выступленні з вядучымі сусветнымі музыкантамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі