Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 лістапада 2018, 13:54

Юбілейная выстава Рыгора Сітніцы прадстаўлена ў мастацкім музеі Беларусі

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядомы беларускі графік і паэт Рыгор Сітніца падводзіць вынік 40-гадовай творчасці выставай "Ток" у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"На маёй персанальнай выставе прадстаўлена каля 60 графічных і жывапісных работ з 4 серый: "Гаспода", "Прагулка ўздоўж агароджы", "Сустрэтае" і "Артэфакт". Гэты збор разнастайных тэм і вобразаў я назваў "Токам". Паколькі ток - гэта ток крыві, энергіі, жыцця, а таксама ток - месца, дзе нашы продкі абмалочвалі снапы і збіралі ўраджай. На гэтай экспазіцыі акрамя бытавых аб'ектаў я паказаў вобразы помнікаў - знаходак беларускіх археолагаў, а таксама графічныя заметкі з маіх падарожжаў па такіх краінах, як Расія, Кітай, Індыя, Славакія, Польшча", - расказаў мастак.

Рыгора Сітніцу называюць прадстаўніком "сакральнага рэалізму", бо ён не проста піша пейзаж або адлюстроўвае матэрыяльны прадмет. У простыя, здавалася б, рэчы ён укладае асаблівыя сэнсы. "Я спрабую паказаць маладым мастакам, што можна і абсалютна традыцыйнымі матэрыяламі ў традыцыйнай манеры, выкарыстоўваючы самыя банальныя аб'екты (звязкі цыбулі, горкі бульбы, драўляную агароджу, пасечаныя дровы), напісаць такую карціну, якая будзе ўспрымацца як сучасны арт-аб'ект", - адзначыў Рыгор Сітніца.

Выстава "Ток" будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі да 9 снежня.

Рыгор Сітніца - беларускі мастак-графік, паэт. Лаўрэат рэспубліканскіх біенале жывапісу, графікі, скульптуры (2008, 2010, 2013). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2012). Ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў (2015). Лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017). Яго карціны знаходзяцца ў зборах шматлікіх музеяў розных краін свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі