
8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Гродне ў Сенатарскай зале Новага замка прадстаўлены 28 работ студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, паведамляе БЕЛТА.
"Прыярытэтам ужо 30 гадоў мы ставім акадэмічную падрыхтоўку, агульнамастацкую падрыхтоўку. У нас толькі адна спецыяльнасць, але мы павінны даць такую базу для нашых навучэнцаў, якая дазваляла б ім у далейшым смела выбіраць любы напрамак, які яны пажадаюць. Вось гэта галоўная базавая аснова, на якой мы трымаемся, наш касцяк. Нашы навучэнцы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі паспяхова працуюць", - расказаў выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Сяргей Пятроўскі.
Экспазіцыя прымеркавана да 30-годдзя спецыяльнасці "дызайн (аб'ёмны)". Спецыяльнасць адкрыта ў каледжы ў 1990 годзе. Выпускнікі навучальнай установы вызначаюцца высокай ступенню прафесійнай падрыхтоўкі ў сферы спецыяльных дысцыплін выяўленчага мастацтва. Многія выпускнікі каледжа прадаўжаюць навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, працуюць у сферы дызайну ў Беларусі і за мяжой.
Падчас юбілейных мерапрыемстваў студэнцкія работы таксама дэманструюцца непасрэдна ў каледжы, у Гродзенскай абласной філармоніі, на базе ўстановы адукацыі запланаваны таксама і адкрытыя навучальныя заняткі. Мэта выставачнага праекта - прадэманстраваць узровень студэнтаў каледжа і бліжэй азнаёміць з працэсам навучання на спецыяльнасці будучых абітурыентаў.-0-