Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 лютага 2020, 16:30

Юбілей Генадзя Аўсяннікава адзначаць у эфіры "Беларусь 3"

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлеканал "Беларусь 3" адзначыць у эфіры 85-годдзе акцёра тэатра і кіно, народнага артыста Беларусі і СССР Генадзя Аўсяннікава, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

У сераду, 19 лютага, у 17.25 тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў для гледачоў праграму "Майстры і куміры". Генадзь Аўсяннікаў раскажа ў інтэрв'ю пра любімыя ролі, у перадачы будуць выкарыстаны архіўныя відэаматэрыялы. Пасля ў эфір выйдзе камедыя Івана Паўлава "Свежына з салютам", дзе ў галоўнай ролі зняўся любімы артыст.

Генадзь Аўсяннікаў нарадзіўся 19 лютага 1935 года ў Магілёве. Скончыў сем класаў і паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум. Праз год забраў дакументы і падаў у мараходнае вучылішча ў Рызе, аднак і там затрымаўся толькі на паўгода. Вярнуўся ў Бялынічы, дзе вырашыў давучыцца ў дзесяцігодцы. Школа ў райцэнтры славілася мастацкай самадзейнасцю і драмгуртком. У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут Генадзь Аўсяннікаў паступіў у 1953 годзе без асаблівых складанасцей, нягледзячы на высокі конкурс. Яму пашанцавала трапіць на курс народнага артыста БССР легендарнага педагога, прафесара Канстанціна Саннікава. У 1957 годзе шэсць выпускнікоў ВНУ, сярод якіх і Генадзь Аўсяннікаў, былі прыняты ў Купалаўскі тэатр.

За гэтыя гады акцёр сыграў больш за 80 роляў класічнага, беларускага і замежнага рэпертуару. Шмат гадоў плённа супрацоўнічае з радыё і тэлебачаннем, стварыў яркія вобразы ў кіно ("Доўгія вёрсты вайны", "Полымя", "Апошняе лета дзяцінства"). Генадзь Аўсяннікаў - уладальнік многіх ганаровых узнагарод, у тым ліку прыза "Хрустальная Паўлінка" і прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі