Сцяг Чацвер, 12 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2026, 09:28

Яго музыка - адлюстраванне беларускіх абрадаў. Да 140-годдзя з дня нараджэння Аляксея Туранкова

Аляксей Туранкоў. Фота archives.gov.by
Аляксей Туранкоў. Фота archives.gov.by
21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксея Туранкова. Аб тым, якую ролю ён адыграў для развіцця беларускай музыкі, карэспандэнту БЕЛТА расказала старшы выкладчык кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Надзея Бунцэвіч.

"Аляксея Яўлампіевіча можна назваць адным з заснавальнікаў прафесійнай беларускай музыкі ХХ стагоддзя. У першую чаргу яго ўклад - гэта вялікая ўвага да нацыянальнай тэмы, беларускай абрадавасці. Гэта адлюстравалася ў оперы "Кветка шчасця", у 1940-м яна паказвалася на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. У оперы закранута і сацыяльная тэма, але асноўны акцэнт робіцца менавіта на нацыянальнай культуры: святкаванні Купалля, фантастычных сцэнах, звязаных з гэтым святам, якім прысвечаны вялізны пралог", - падкрэсліла эксперт.

Паводле слоў Надзеі Бунцэвіч, аўтар выкарыстаў інтанацыйнасць беларускіх народных песень, танцаў, фальклорныя цытаты. "Адным з лейтматываў гэтай оперы становіцца мелодыя народнай песні "Ой, рана на Йвана". Было шмат харавых сцэн, якія характэрны для беларускага і славянскага мастацтва. Адну з іх наш Вялікі тэатр і цяпер уключае ў свае канцэртныя праграмы. У дарэвалюцыйны час Туранкоў стварыў вялікую колькасць духоўных твораў, якія ў савецкія гады былі забыты, а з 1990-х шырока ўвайшлі ў рэпертуар харавых калектываў. Яго музыка вельмі меладычная, гарманічная, у духу лепшых узораў класікі рамантычнага мастацтва", - адзначыла яна.

Камерныя творы Аляксея Туранкова да гэтага часу знаходзяцца ў рэпертуары музыкантаў - і ў сваіх арыгінальных версіях, і ў перакладаннях для іншых інструментаў. "А знакамітую оперу "Кветка шчасця" і іншыя яго творы праходзяць у музычных каледжах і ВНУ", - расказала Надзея Бунцэвіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі