Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 сакавіка 2022, 09:22

Іўеўскі музей нацыянальных культур адкрые экспазіцыю "Без тэрміну даўнасці"

22 сакавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Без тэрміну даўнасці" адкрыецца сёння ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур. Яна раскажа аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, генацыдзе насельніцтва Іўеўскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала дырэктар музея Кацярына Маскалевіч.

"На выставе прадстаўлены арыгінальныя матэрыялы з фондавых калекцый музея: дакументы перыяду ўстанаўлення "новага парадку", акупацыі Іўя, асабістыя рэчы вязняў Іўеўскага гета, акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі СССР па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе таксама дапоўнілі матэрыялы, прадастаўленыя пракуратурай раёна ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай у красавіку 2021 года па факце генацыду беларускага народа", - удакладніла Кацярына Маскалевіч.

Усе матэрыялы, якія аб'яднаны на выставе, будуць уключаны ў чацвёрты раздзел пастаяннай экспазіцыі музея нацыянальных культур з рабочай назвай "Другая сусветная вайна". Цяпер у Іўі працуюць над яго стварэннем - ідзе працэс уключэння тэмы генацыду беларускага народа ў тэматычную структуру. Распрацоўваецца архітэктурна-мастацкае рашэнне.

"Чацвёрты раздзел экспазіцыі будзе самым эмацыянальным. Мастацкімі сродкамі, праз прадметны рад мы пастараемся паказаць усю праўду аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Бо за мірнае неба над галовамі сваіх нашчадкаў змагаліся жыхары Іўя розных нацыянальнасцей і веравызнанняў", - дадала Кацярына Маскалевіч.

Выстава, адкрыццё якой прымеркавана да Дня памяці трагедыі Хатыні, будзе працаваць да 31 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі