Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лістапада 2021, 11:32

"Іншым я ўжо не буду": на кінафестывалі "Лістапад" прэзентавалі фільм пра Мікалая Бурляева

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цяпер ідзе бой за душу чалавека. Аб гэтым заявіў у час прэм'еры дакументальнага фільма "Іншым я ўжо не буду" пачэсны госць XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" акцёр і рэжысёр Мікалай Бурляеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты фільм не пра мяне, а ў першую чаргу пра кінафестываль "Залаты Віцязь", якому ў гэтым годзе ўжо 30 гадоў, - расказаў Мікалай Бурляеў. - Яго зняў адзін з лепшых рэжысёраў тэлеканала "Культура" Антон Нікалаеў, ён шмат гадоў збіраў і здымаў матэрыял пра фестываль. На маю думку, атрымаўся цудоўны фільм, які сёння змогуць ацаніць самымі першымі гледачы фестывалю "Лістапад".

Дакументальны фільм расказвае аб стварэнні "Залатога Віцязя" і самых галоўных задачах, якія бачыць перад сабой яго стваральнік - прэзідэнт кінафоруму Мікалай Бурляеў. Гледзячы кадр за кадрам, мы разам з героямі карціны ў думках пераносімся ў Сербію, Боснію і Герцагавіну, а таксама Сімферопаль, дзе гэты вядомы міжнародны кінафестываль прайшоў летам 2021 года.

Мікалай Бурляеў расказаў, як яму прыйшла ідэя стварэння кінафоруму. "Здаецца, што гэта думка прыйшла з нябёс. У нейкі момант адчуў, што трэба арганізаваць такі кінафестываль. Прадумваў канцэпцыю: неабходна было падабраць рускую магутную назву - "Залаты Віцязь". Прыдумаць дэвіз, пад якім ён будзе праходзіць, - "За духоўныя ідэалы. За ўзвышэнне душы чалавека". Па благаславенне паехаў да старца ў Троіца-Сергіеву Лаўру. Думаў, пагоніць ён мяне, якое яшчэ кіно. А старац прыняў, выслухаў і сказаў: "Спрабуй", - расказаў акцёр. А на экране тым часам з'яўляюцца кадры з фільмаў "Іванава дзяцінства", "Андрэй Рублёў", "Лермантаў", у якіх Мікалай Бурляеў сыграў галоўныя ролі.

Ён пачынаў як тэатральны артыст, хоць вось ужо 20 гадоў не выходзіць на сцэну, пакінуўшы кар'еру ў кінематографе. "Не здымаюся ў гэтым рыначным кінапрацэсе. Як сказана ў Бібліі: дарам атрымаў, дарам і аддавай. А нас цяпер прымушаюць рабіць грошы на праектах, якія прыніжаюць духоўны ўзровень краіны. Трэба вяртаць культуру, яна страціла сваё месца, - падзяліўся Мікалай Бурляеў і адзначыў, што зоймецца гэтым у якасці дэпутата Дзяржаўнай думы. - Набыў немалы вопыт, якім хачу падзяліцца, каб вывесці наша кінамастацтва, якім яно было ў часы Андрэя Таркоўскага, Сяргея Бандарчука. Цяпер ідзе бой за душу чалавека. І ў тым, каб выйграць гэты бой, я бачу сваю грамадскую задачу".

Нягледзячы на доўгі перапынак і ў тэатральнай кар'еры, Мікалай Бурляеў прыняў удзел у гучнай прэм'еры тэатральнага сезона 2020-2021, сыграўшы адну з галоўных роляў у спектаклі "12" Мікіты Міхалкова. Як прызнаецца артыст, запрасіў яго сам Мікіта Сяргеевіч, з якім яны аднакурснікі і старыя сябры. "Сказаў, што рэпетыцыя ўжо ўчора! А я так не люблю ўсе гэтыя рэпетыцыі. Мне падабаецца працаваць так: прыйшоў, матор і паехалі. Не магу праганяць напаўсілы. Мікіта Міхалкоў жа любіць рэпетыцыі. І вы ведаеце, я хадзіў на іх паўгода, кожны дзень па шэсць гадзін, - прызнаўся народны артыст. - За гэты час я адкрыў Міхалкова як неверагоднага, выдатнага рэжысёра, які ведае пра тэатр і кіно абсалютна ўсё. Магчыма, ён адзін з апошніх, хто не здрадзіў кіно як мастацтву. Так зрабілі многія, кінуўшыся ў прыбытковы промысел".

На пытанне, ці зможа беларускі глядач убачыць гэту пастаноўку, Мікалай Бурляеў адказаў: "Я прапанаваў Мікіту Сяргеевічу прывезці спектакль у Беларусь. На самай справе ён мае вялікі поспех у гледача, нават нягледзячы на тое, што выйшаў пасля фільма "12", які наогул ужо стаў класікай".

У гэтым годзе Мікалай Бурляеў адзначыў 75-годдзе. Сам акцёр прызнаецца, што адчувае сябе на 33-гадовы ўзрост Хрыста, паколькі менавіта ў такім узросце мы ўсе паўстанем перад Усявышнім.

Завяршаецца дакументальны фільм "Іншым я ўжо не буду" размовай пра мару рэжысёра Бурляева - зняць важную для яго карціну пра заснавальніка Троіцкага манастыра Сергія Раданежскага. "Неяк мне прапанавалі зняць блокбастар пра Сергія Раданежскага. Гэта проста немагчыма. Я растлумачыў таму, ад каго паступіла такая прапанова, што блокбастар - слэнг лётчыкаў-англічан Другой сусветнай вайны. Блокбастар - гэта бомба, здольная знішчыць цэлыя кварталы. Хіба можам мы сумясціць гэта паняцце з фільмам рэлігійнай тэматыкі? - задаецца пытаннем Мікалай Пятровіч. - Я мару стварыць такі фільм, якім я яго бачу і адчуваю. Не ведаю, ці дасць мне Бог і Сергій Раданежскі гэта зрабіць".

Другі фільм, які Мікалай Бурляеў прадставіць на форуме "Лістапад", ён марыў зняць 25 гадоў. Карціна пра палкоўніка групы "Альфа" Уладзіміра Келехсаева ўжо заваявала мноства ўзнагарод і на кінафестывалі ў Мінску пройдзе па-за конкурсам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі