Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 ліпеня 2022, 16:59

Імянная зорка Анатоля Ярмоленкі запалілася на Алеі зорак "Славянскага базару ў Віцебску"

14 ліпеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Алея зорак "Славянскага базару ў Віцебску" ў гэтым годзе папоўнілася новай імянной зоркай Анатоля Ярмоленкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Імянны васілёк даўняга сябра "Славянскага базару" стаў 18-м на Алеі зорак. Народны артыст Беларусі і кіраўнік заслужанага калектыву Беларусі - ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка сёлета стане ўладальнікам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Імя славутага беларускага артыста не толькі ярка ззяе ў гісторыі айчыннага выканальніцкага мастацтва, але і выклікае асацыяцыю з эстрадай Сінявокай. "Алеся", "А я лягу-прылягу", "Шуміце бярозы" - усімі любімыя і блізкія сэрцу кампазіцыі, якія хочацца спяваць у любым настроі і тым больш у добрай кампаніі верных сяброў.

Анатоль Ярмоленка адзначыў, што ён адчувае гонар і шчасце ў сувязі з атрыманнем такой узнагароды, але лепш за любыя словы за яго скажа адна з песень "Сяброў" - "Нашы песні - як наша жыццё", якую ён выканаў на цырымоніі разам са сваім родным калектывам.

Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч выказаў падзяку ансамблю "Сябры" за тое задавальненне, якое прыносяць выступленні калектыву, за іх выдатную шматгадовую творчасць. "Сёння хочацца прыгадаць многія творы, якія ўвайшлі ў залатую скарбніцу культуры Беларусі. Гэтыя песні ведае, напэўна, кожны жыхар нашай краіны. Дарагія артысты, вас ведаюць і паважаюць у Беларусі і далёка за яе межамі. Вы стаялі ля вытокаў "Славянскага базару ў Віцебску", прымаеце актыўны ўдзел ва ўсіх канцэртах фестывалю і расказваеце пра цудоўную беларускую музыку. Я ўпэўнены, што гэта высокая ўзнагарода дасць развіццё новым праектам, якія будуць з вялікім задавальненнем успрымацца нашымі людзьмі", - адзначыў міністр культуры і пажадаў музыкантам новых поспехаў, невычэрпнай творчай энергіі і плённай працы на карысць Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі