Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 мая 2021, 16:26

ІІ Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі адкрыўся ў НАН

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІІ Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі адкрыўся сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўстановы.

У мерапрыемстве, якое праходзіць з рэальнай прысутнасцю і анлайн, удзельнічаюць вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Балгарыі, Літвы, Польшчы, Абхазіі і Францыі.

Галоўны вучоны сакратар НАН Андрэй Іванец у прывітанні падкрэсліў: беларускі казачны эпас вызначаецца сюжэтнай і ідэйна-тэматычнай разнастайнасцю, прыгожай і сакавітай мовай. "Ён па праву ўваходзіць у сусветную скарбніцу казак і стаіць побач з такімі ўнікальнымі з'явамі, як арабская "Тысяча і адна ноч", нямецкія казкі ў апрацоўцы Якаба і Вільгельма Грым, серыяй індыйскіх казак. Вучоныя палічылі, што каля 50 сюжэтных беларускіх казак не маюць аналагаў у міжнародным індэксе казачных сюжэтаў, - сказаў ён. - Беларускія казкі - гэта мудрасць, філасофія і светапогляд народа. Таму яны заслугоўваюць больш пільнай увагі сучасных вучоных, пісьменнікаў і выдаўцоў. Неабходна рэгулярна праводзіць такія форумы, больш глыбока вывучаць народную казку і больш шырока папулярызаваць яе ў нашым грамадстве".

Як адзначаюць удзельнікі форуму, народныя казкі да гэтага часу любяць і дзеці, і дарослыя. "Да казак звярталіся вядомыя беларускія пісьменнікі Якуб Колас, Максім Танк, Змітрок Бядуля, Віталь Вольскі, а таксама многія сучасныя аўтары. Акрамя кніжных вусных форм існавання, казка прысутнічае і ў нашым штодзённым жыцці ў выглядзе анімацыйных, кінематаграфічных і рэкламных прадуктаў, у выяўленчым мастацтве, у аўдыязапісах і тэатральных пастаноўках", - дадалі ў прэс-службе.

27-28 мая Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН праводзіць II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. На форуме падвядуць вынікі дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай казкі, выступяць майстры казачнага жанру старэйшага пакалення з розных рэгіёнаў Беларусі, адбудзецца майстар-клас па выцінанцы "Казкі з паперы" народнага майстра Наталлі Сухой. Запланаваны круглы стол "Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай". Удзельнікам мерапрыемства прапануюць азнаёміцца з выстаўкамі і прэзентацыямі тэматычных выданняў, унікальных архіўных зборнікаў казак з калекцыі фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, фонду фальклорных матэрыялаў БДУ, збораў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Першы Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі адбыўся ў Мінску 17-18 мая 2018 года і сабраў вучоных Беларусі, Расіі, Эстоніі, Украіны і Балгарыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі