Сцяг Пятніца, 23 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 красавіка 2025, 09:34

"Ідзі і глядзі, адчувай, перажывай". Шыкунец аб фільмах "Лагеры смерці" і "Спаленыя вёскі"

Сяргей Шыкунец
Сяргей Шыкунец
18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кінадылогія аб генацыдзе ("Лагеры смерці" і "Спаленыя вёскі") цяжкая для прагляду, але нікога не пакідае абыякавым, адзначыў 17 красавіка ў каментарыі журналістам намеснік кіраўніка следчай групы Генеральнай пракуратуры па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва БССР Сяргей Шыкунец у кінатэатры "Перамога", дзе адбыўся паказ кінадылогіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тут дарэчы сказаць: "Ідзі і глядзі. Глядзі, адчувай, перажывай, зрабі адпаведныя высновы. І зрабі ўсё, каб не паўтарыць тых страшных падзей", - сказаў Сяргей Шыкунец.

Абодва фільмы - "Лагеры смерці" і "Спаленыя вёскі" - заснаваны выключна на выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. Тут паказаны праўдзівыя, аб'ектыўныя факты аб генацыдзе беларускага народа. Фільмы раскрываюць сапраўдны маштаб трагедыі. Разам з тым яны паказваюць нязломнасць сілы духу беларускага народа.

"Людзі, якія перажылі лагеры смерці, перажылі карныя аперацыі, перажылі моманты, калі на іх вачах расстрэльваюць, па-зверску забіваюць іх дзяцей... Гэтыя людзі не толькі перажылі, яны адстаялі нашу краіну 80 гадоў таму, яны аднавілі эканоміку, - сказаў Сяргей Шыкунец. - 80 гадоў таму ў адзіным патрыятычным парыве нашы продкі адстаялі нашу краіну. Цяпер, калі складаная сітуацыя па перыметры, мы павінны паўтарыць іх подзвіг. Павінны адстаяць нашу краіну".

Паводле слоў намесніка кіраўніка следчай групы, фільмы кінадылогіі разлічаны ў тым ліку на моладзь. "Мы акцэнт робім на маладзёжных розумах і сэрцах, за якія цяпер ваююць. Гэты фільм не павінен пакінуць нікога абыякавым. І яшчэ раз паўтару: гэта цяжкі фільм", - сказаў ён.

Гэтымі днямі адбыўся перадпрэм'ерны паказ кінадылогіі, у час якога фільмы прэзентавалі журналістам. Сяргей Шыкунец расказаў, што пасля прагляду ў многіх журналістаў заўважыў на вачах слёзы. Такая рэакцыя, паводле яго слоў, цалкам зразумелая. "Менавіта такая рэакцыя і павінна быць. Гэта трагічная старонка гісторыі нашай дзяржавы. Трэба рабіць усё, каб яна не паўтарылася", - сказаў ён.

Як паведамлялася, аўтарам ідэі і куратарам праекта выступіла Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Аўтары сцэнарыя - Артур Зельскі, Уладзімір Мароз і Уладзімір Луцкі. Кінарэжысёр - Аляксандр Анісімаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі