Сцяг Пятніца, 18 красавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 красавіка 2025, 15:37

"Хіты ў новым гучанні". Што выканае прадстаўніца Беларусі на "Славянскім базары ў Віцебску"

Валерыя Бернатовіч. Фота з архіва
Валерыя Бернатовіч. Фота з архіва
2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможца нацыянальнага адбору на XXXIV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" Валерыя Бернатовіч расказала карэспандэнту БЕЛТА, як рыхтуецца да конкурсу і чым здзівіць гледачоў у фінале.

Валерыя Бернатовіч - 19-гадовая навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Спявае яна ўжо амаль 10 гадоў, таму сцэна для яе - прывычнае месца. Нядаўна Валерыя Бернатовіч стала пераможцай беларускага нацыянальнага адбору на "Славянскі базар" і цяпер рыхтуецца, каб ярка прадставіць краіну на міжнародным конкурсе.

"Вядома ж, падрыхтоўка не спыняецца. Цяпер ідзе работа над аранжыроўкай і вакальныя рэпетыцыі. "Славянскі хіт" будзе выконвацца пад аркестр. Мы хочам, каб усё гучала ідэальна, і дабаўляем у песню нейкія новыя моманты, каб цалкам раскрыць голас", - адзначыла Валерыя Бернатовіч.

Паводле слоў маладой выканаўцы, у намінацыі "Славянскі хіт" яна выканае песню "Аднойчы", словы да якой напісала Ганна Сялук, а музыку - Яўген Алейнік. У намінацыі "Сусветны хіт" - энергічную песню Ain’t nobody.

"Хутка пачнём рэпеціраваць харэаграфію да яе. Зразумела, важны не толькі вакал і танец асобна, але і работа над вобразам у цэлым. Касцюмы мы шыем з беларускім дызайнерам Наталляй Ляхавец і ўважліва падыходзім да стварэння кожнага вобраза", - дадала Валерыя Бернатовіч.

Яна падкрэсліла, што ў падрыхтоўцы ёй дапамагае дружная каманда. Цяпер у іх насычаны графік.

Як расказала прадзюсар артысткі Таццяна Кулакова, каманда вельмі адказна падыходзіць да ўдзелу ў такім прэстыжным конкурсе, паколькі на ім выканаўцы прадстаўляюць не проста сябе, але і ўсю краіну. Яна вельмі ўдзячная, што журы ўбачыла артыстызм і вопыт Валерыі, паверыла ў яе патэнцыял як вялікай артысткі, якая можа пакарыць гледачоў.

"Амаль кожны дзень праходзяць розныя мерапрыемствы, інтэрв'ю, рэпетыцыі. Надыходзіць самы цяжкі перыяд падрыхтоўкі, але я веру, што мы з усім справімся і дастойна прадставім нашу краіну на "Славянскім базары", - падагульніла ўдзельніца конкурсу.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі