Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2022, 13:52

Харавы фестываль-конкурс патрыятычнай песні пройдзе 23-25 лістапада ў Мінску

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі харавы фестываль-конкурс патрыятычнай песні імя А.П.Граса стартуе ў Мінску 23 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю-конкурсу.

Для ўдзелу пададзена 45 заявак ад харавых калектываў. З іх 32 калектывы (каля 1 тыс. харавых артыстаў) прымуць удзел у вочнай форме праслухоўванняў, якія адбудуцца ў Габеленавай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі 23 і 24 лістапада, 13 хароў (255 артыстаў) паўдзельнічаюць дыстанцыйна.

Геаграфія канкурсантаў уключае ўсе рэгіёны Беларусі: Брэст, Брэсцкая вобласць (Іванава, Баранавічы), Віцебск, Віцебская вобласць (Лепель), Гродзенская вобласць (Ашмяны), Магілёўская вобласць (Бабруйск), Гомельская вобласць (Мазыр, Светлагорск), Мінская вобласць (Слуцк, Гатава), а таксама сталіцы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі - Мінск і Масква.

Праграма выступленняў харавых калектываў складзена з твораў, якія апяваюць любоў да роднага краю, вернасць Радзіме, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама песень, прысвечаных лёсавызначальным і знакавым падзеям.

Ацэньваць конкурсныя выступленні будуць прызнаныя эксперты ў галіне музычнага мастацтва Беларусі і Расіі.

Узнагароджанне пераможцаў і заключны канцэрт фестывалю-конкурсу адбудуцца 25 лістапада ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Кульмінацыяй фестывалю-конкурсу і творчым падарункам яго ўдзельнікам стане харавы цыкл Алены Атрашкевіч "Дарогамі вайны i перамогі" на вершы Васіля Жуковіча ў выкананні Аркестра рускіх народных інструментаў (кіраўнік В.І.Дубовік) і Канцэртнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі (кіраўнік А.І.Снітко).

Фестываль - конкурс патрыятычнай песні імя А.П.Граса арганізуецца ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкама сумесна з Мінскім дзяржаўным музычным каледжам імя М.І.Глінкі. Партнёрамі выступяць Беларускі саюз кампазітараў, адміністрацыя Цэнтральнага раёна горада Мінска і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксей Пятровіч Грас (1922-1983) - франтавік, музыкант, педагог, мастацкі кіраўнік хору Мінскага музычнага вучылішча, аўтар апрацовак беларускіх народных песень і ўласных твораў для хору. Педагагічнай дзейнасці ў Мінскім музычным вучылішчы Аляксей Пятровіч прысвяціў 25 гадоў. А.П.Грас - ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі "За баявыя заслугі", "За абарону Каўказа", "За ўзяцце Берліна", "За перамогу над Германіяй". Адзначаны высокімі ўзнагародамі Міністэрства культуры СССР, Міністэрства культуры БССР.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі