Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 ліпеня 2021, 09:20

Гран-пры дзіцячага конкурсу "Славянскага базару" заваяваў Комнен Вукавіч з Чарнагорыі

19 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія ўзнагароджвання і гала-канцэрт міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2021" адбыліся 18 ліпеня на "Славянскім базары", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гран-пры заваяваў прадстаўнік Чарнагорыі Комнен Вукавіч. Уладальнікам I прэміі конкурсу стаў беларус Канстанцін Мазуркевіч. Другой прэміі ўдастоены Ксенія Кан з Расіі і Элізабэт Захарыева з Балгарыі. Лаўрэатамі III прэміі сталі Даніэла (Украіна) і Шохруххон Халімхонаў (Узбекістан). Традыцыйна вынікі галасавання ў дзіцячым конкурсе не абвяшчаюцца. Акрамя таго, беларускія і расійскія канкурсанты адзначаны дыпломамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Уладальнік Гран-пры Комнен Вукавіч прызнаўся, што быў прыемна здзіўлены такому выніку. "Гэта нечакана для мяне, адразу не ведаў, што думаць. Але я ганаруся сабой", - сказаў хлопец.

Беларускі ўдзельнік Канстанцін Мазуркевіч адзначыў, што ў яго станоўчыя эмоцыі ад усяго фестывалю. "Было невялікае хваляванне і шмат радасці. Рады сваёй узнагародзе, бо гэта маштабны конкурс, дзе ўдзельнічала шмат краін", - падзяліўся лаўрэат I прэміі.

У бягучым годзе на дзіцячым конкурсе выступілі прадстаўнікі 16 краін. Гэта Карлем Маргаран (Арменія), Канстанцін Мазуркевіч (Беларусь), Элізабэт Захарыева (Балгарыя), Анастасія (Грузія), Марыя Лаура (Італія), Аміна Асгатава (Казахстан), Юля Тэлеўкэ (Малдова), Ксенія Кан (Расія), Мінка Лаўрыч (Славенія), Ялкы Сака (Турцыя), Шохруххон Халімхонаў (Узбекістан), Даніэла (Украіна), Лара (Харватыя), Комнен Вукавіч (Чарнагорыя), Адэла Кржыванкава (Чэхія) і L'era (Эстонія). Конкурс праходзіў 17-18 ліпеня. У першы дзень хлопцы і дзяўчаты выканалі песню на роднай мове, у другі выступілі з кампазіцыяй на выбар.

У склад журы дзіцячага конкурсу фестывалю ўвайшлі знакамітыя госці з розных краін. У гэтым спісе заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, спявачка Эмілія Валенці (Балгарыя), кампазітар Віталь Асошнік (Расія), оперны спявак Ніка Гаргіеўскі (Паўночная Македонія), спявак Мансур Ташматаў (Узбекстан) і народная артыстка Украіны Аксана Пекун. Старшыня журы - Філіп Жмахер (Сербія).

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіў з 15 па 18 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы адбудуцца 19 ліпеня. Учора адбылося закрыццё фестывалю, а таксама прайшлі цырымоніі ўзнагароджвання музычных конкурсаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі