Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 ліпеня 2022, 12:01

Гомельскі аблдрамтэатр закрые сезон прэм'ерай спектакля "Маленькія трагедыі. Пушкін"

8 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Трупа Гомельскага абласнога драматычнага тэатра 29, 30 і 31 ліпеня прадставіць прэм'еру "Маленькія трагедыі. Пушкін", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар дзяржаўнай установы Уладзімір Ступінскі.

У аснову спектакля пакладзена адна з хрэстаматыйных "маленькіх трагедый" паэта "Моцарт і Сальеры", а таксама гістарычная сустрэча Аляксандра Пушкіна з толькі што зайшоўшым на прастол імператарам Мікалаем I.

Над спектаклем працуе каманда з Санкт-Пецярбурга: рэжысёр і аўтар інсцэніроўкі - галоўны рэжысёр Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра "Майстэрня" пад кіраўніцтвам Р.Казлова Раман Габрыа. Яго пастаянны суаўтар Уладзіслаў Крылоў выступае стваральнікам саўнда, мастаком па святле - Максім Ахрамееў. Пастаноўка ствараецца ў сумеснай творчасці з галоўным мастаком Гомельскага аблдрамтэатра Таццянай Стысінай.

"З вялікім хваляваннем не першы працую з творамі Пушкіна. Сустрэчы з яго літаратурай, жыццём заўсёды прыносяць нейкі асаблівы прафесійны вопыт", - падзяліўся Раман Габрыа.

У спектаклі заняты артысты Гомельскага аблдрамтэатра Вера Грыцкевіч, Міхаіл Грышачкін, Юрый Марціновіч, Лізавета Альхоўка, Андрэй Шыдлоўскі, Марыя Хадзякова, Сяргей Лагуценка.

Пастаноўка стане часткай праекта "Санкт-Пецярбургскія тэатральныя майстэрні" пры садзейнічанні камітэта па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга, тэатра-фестывалю "Балтыйскі дом" і Асацыяцыі дзеячаў рускіх тэатраў замежжа.

31 ліпеня пасля заканчэння спектакля "Маленькія трагедыі. Пушкін" адбудзецца цырымонія завяршэння 83-га тэатральнага сезона. Акцёры падымуцца на родную сцэну, каб развітацца з гледачамі да верасня. Дарэчы, да адкрыцця новага сезона тэатр плануе прадставіць яшчэ адну прэм'еру - спектакль паводле п'есы Дж.Голдмена "Леў зімой" у пастаноўцы Сяргея Кавальчыка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі