ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 25 мая 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 красавіка 2020, 16:20

Гомельскі аблдрамтэатр пакажа прэм'еру спектакля "Вішнёвы сад"

9 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ера спектакля "Вішнёвы сад" па п'есе А.П. Чэхава адбудзецца на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра 11 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.

За 80-гадовую гісторыю аблдрамтэатра п'еса "Вішнёвы сад" ставіцца ўпершыню. "Гэты спектакль у пастаноўцы заслужанага артыста Расіі Зураба Нанабашвілі абяцае новы, свежы, сучасны погляд на класічную п'есу", - расказалі ў тэатры.

Выбар п'есы тлумачаць яе актуальнасцю для людзей ва ўсе часы. "Пытанні, якія ў ёй гучаць, былі і застаюцца: чаму так бяздарна растрачваюць сваё жыццё людзі; чаму так легкадумна ставяцца да блізкіх; чаму так безадказна трацяць словы і жыццёвыя сілы, як быццам бы мяркуючы, што будуць жыць вечна, і будзе магчымасць пражыць жыццё начыста, нанава? Героі п'есы заслугоўваюць і жалю, і бязлітаснага смеху скрозь нябачныя свету слёзы", - адзначылі ва ўстанове.

Жанр пастаноўкі абазначаны як "гісторыя адной сям'і ў чатырох карцінах". У спектаклі заняты вядучыя артысты тэатра і маладое пакаленне: Юрый Фейгін, Сяргей Лагуценка, Юрый Марціновіч, Настасся Задорына, Андрэй Шыдлоўскі, Сяргей Арцёменка, Аляксей Бычкоў, Міхаіл Грышачкін, Вера Грыцкевіч, Віталія Цішкова, Лілія Госцева, Дзмітрый Байкоў, Павел Кордзік, Павел Салаўёў, Марыя Хадзякова, Гіоргі Чантурыя. Мастак-пастаноўшчык - Таццяна Стысіна.

"Вішнёвы сад" - апошняя п'еса А.П.Чэхава, створана за год да яго смерці, напярэдадні першай рускай рэвалюцыі. Яна напоўнена прадчуваннем вялікіх перамен, што ўзрушылі ў хуткім часе Расійскую імперыю.

Упершыню "Вішнёвы сад" быў пастаўлены на сцэне Маскоўскага мастацкага тэатра ў 1904 годзе. Ролю Гаева сыграў К.С.Станіслаўскі, а вобраз Лапахіна ўвасобіў Л.М. Леанідаў, чыё імя назаўсёды звязана з гісторыяй Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Менавіта студэнты ДІТМа курса народнага артыста СССР Л.М.Леанідава сталі асновай трупы гомельскага тэатра ў 1939 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі