ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 26 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 снежня 2021, 10:47

Гомельскі аблдрамтэатр падорыць юным гледачам навагодні спектакль "Варвара-краса"

10 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Набліжэнне навагодніх свят у Гомельскім абласным драматычным тэатры заўсёды звязана з выпускам новай казкі - падарунка юным гледачам. У гэтым сезоне трупа тэатра рыхтуе спектакль "Варвара-краса" - інсцэніроўка Андрэя Шыдлоўскага паводле матываў рускіх народных казак і фальклору, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар дзяржаўнай установы Уладзімір Ступінскі.

"Гэта казачная гісторыя аб тым, як цар Ерамей за свабоду паабяцаў правіцелю падводнага свету аддаць тое, чаго не ведае ў сваім царстве. У выніку давялося адправіць цуду-юду свайго сына. І прапаў бы лянівы і распешчаны царэвіч, калі б не сын рыбака, які і царэвіча выратаваў, і ў падводным царстве сваё каханне знайшоў - Варвару, прыгажэйшую і разумнейшую за якую на ўсім белым свеце не адшукаеш", - расказаў Уладзімір Ступінскі.

Як і належыць казцы, спектакль поўны добрых дзівосаў, песень і танцаў. У тэатры перакананы: "Варвара-краса" прыйдзецца даспадобы гледачам любога ўзросту - ад самых маленькіх да іх тат і мам, дзядуляў і бабуль.

Над пастаноўкай працуюць аўтар інсцэніроўкі рэжысёр Андрэй Шыдлоўскі, мастак Аляксандр Кручковіч, харэограф Аксана Ражкова, музычнае афармленне Дзмітрыя Неберава. У спектаклі заняты Дзмітрый Байкоў, Аляксандр Ільінскі, Таццяна Зміцюра, Святлана Яфімава, Сяргей Лагуценка, Юрый Марціновіч, Настасся Задорына, Ганна Кавалькова, Сяргей Юрэвіч, Андрэй Шыдлоўскі, Міхаіл Грышачкін, Кірыл Гайдук, Марыя Хадзякова, Хрысціна Шыпкова, Гіоргі Чантурыя, Дзмітрый Попчанка, Лілія Госцева, Наталля Голубева, Таццяна Ганчарова, Наталля Задорына, Віталія Цішкова, Таццяна Кандраценка, Кацярына Уладзімірава, Яўгенія Канькова, Галіна Вевер.

Навагоднія паказы для юных гледачоў пачнуцца з 18 снежня.

У тэатры абяцаюць: навагодні настрой у юных гледачоў узнікне яшчэ да пачатку спектакля. Усе фае на дні зімовых канікул стануць чароўным гарадком з фотазонамі, гандлёвымі кропкамі з ласункамі і навагоднімі сувенірамі. А перад пачаткам казкі дзяцей на навагоднім паказе павіншуюць са святам Дзед Мароз і Снягурачка.

У бягучай эпідэміялагічнай абстаноўцы кіраўніцтва тэатра прымае ўсе меры, каб гарантаваць бяспеку гледачоў і супрацоўнікаў. Гэта дэзынфекцыя памяшканняў, рэквізіту і абсталявання, ачышчэнне паветра, шахматная рассадка гледачоў, забеспячэнне камфортнага кліматычнага рэжыму і санітарна-гігіенічнай бяспекі людзей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі