
2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У арт-гасцёўні "Высокае мѣста" з 8 верасня пачне працаваць выстава вядомага беларускага фотамастака Міхаіла Маругі "PRO ЯВЛЕНИЕ. ПЕСНЯРЫ", прысвечаная святкаванню 955-годдзя Мінска, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Міхаіл Маруга - выдатны майстар фатаграфічнага мастацтва, заснавальнік уласнай школы фатаграфіі і роданачальнік рэкламнай фотаіндустрыі Беларусі. Героямі яго здымкаў былі як прафесійныя топ-мадэлі, так і зоркі сусветнага шоу-бізнесу. З ансамблем "Песняры" майстра звязвае амаль паўстагоддзя плённага творчага супрацоўніцтва. Бадай, менавіта Міхаіл Маруга больш за ўсіх здымаў "Песняроў" і нават ездзіў разам з імі на гастролі, зняўшы на плёнку самыя значныя праграмы і канцэртныя выступленні калектыву.
Сваю выставу Міхаіл Маруга прымеркаваў да дня нараджэння ансамбля "Песняры", які па традыцыі адзначаецца 1 верасня. 53 гады таму, 1 верасня 1969 года, мастацкі савет Беларускай дзяржаўнай філармоніі, праслухаўшы праграмы групы "Лявоны", афіцыйна зацвердзіў яе ў статусе вакальна-інструментальнага ансамбля. Так пачыналася гісторыя легендарных "Песняроў", якія праславілі Беларусь.
На выставе прадстаўлены фатаграфіі, сцэнічныя касцюмы і ўпрыгажэнні, музычныя інструменты і пласцінкі. Кожная рэч унікальная і непаўторная, як і ўся творчасць "Песняроў".
Выстава прадоўжыцца па 9 кастрычніка.-0-