Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 лістапада 2022, 11:53

Гісторыю і культурную спадчыну Барысава прадставілі на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць выстава "Барысаў - горад слаўны, горад старажытны", прымеркаваная да 920-годдзя з дня заснавання горада, паведамілі БЕЛТА ў НББ.

На маляўнічым беразе ракі Бярэзіна размешчаны горад Барысаў, заснаваны князем Полацкім Барысам-Рагвалодам у 1102 годзе і названы яго імем. На працягу ўсёй сваёй больш як 900-гадовай гісторыі горад займаў важнае стратэгічнае значэнне. Пра жыццё Барысава ў розныя гістарычныя перыяды і яго багатую культурную спадчыну выдадзены навуковыя працы, артыкулы, навукова-папулярныя кнігі, выяўленчыя альбомы, памяткі, ілюстрацыйныя матэрыялы, якія шырока прадстаўлены ў экспазіцыі.

Раздзел "Дакрануцца да глыбокай старажытнасці" пазнаёміць гасцей экспазіцыі з працай "Апісанне Барысаўскага павета" археолага, гісторыка, заснавальніка беларускай навуковай археалогіі, даследчыка старажытнасцей Міншчыны Яўстафія Тышкевіча. Прадстаўлены таксама выданні "Горад Барысаў Мінскай губерні" (1910), "Дзевяць стагоддзяў Барысава".

Ваенная гісторыя горада, падзеі 1812 года, Вялікай Айчыннай вайны, партызанская барацьба Барысава адлюстраваны ў раздзеле "Рэліквіі ратных подзвігаў". Тут дэманструюцца кнігі "Над Бярозай" В.Пашкевіча, "Чтобы знали, чтобы помнили...", "Города воинской славы Минской области", "Г.Борисов и Борисовский уезд в Отечественную войну 1812 года" У.Краснянскага, "Война 1812 года: военное искусство, военно-экономическое противоборство, гуманитарные аспекты".

У 1871 годзе была пабудавана Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. На правым беразе ракі ўзніклі чыгуначная станцыя і гандлёва-прамысловы пасад Нова-Барысаў. У горадзе дзейнічалі дзве запалкавыя фабрыкі "Вікторыя" і "Бярэзіна", папяровая фабрыка "Папірус", хрустальная фабрыка "Барысаў", смалакурная і шкіпінарная, кафельна-ганчарная і ганчарна-пасудная вытворчасці, чыгуналіцейны і лесапільны заводы. На верфі будаваліся параходы. Некаторыя прадпрыемствы працуюць да нашых дзён. Гісторыю прамысловасці Барысава, яго багатай архітэктурнай спадчыны ілюструюць матэрыялы раздзела "Старадаўнія рамёствы і сучасная вытворчасць".

Выстава "Барысаў - горад слаўны, горад старажытны" прадоўжыцца па 11 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі