Сцяг Чацвер, 12 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 жніўня 2024, 15:42

Гісторыя беларускага кіно і супрацоўніцтва з Азіяй. Што здымаюць на "Беларусьфільме"

Фота з архіва
Фота з архіва
12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На гэты час у Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" у вытворчасці знаходзіцца каля 12 дакументальных фільмаў, паведаміў генеральны дырэктар кінастудыі Юрый Аляксей у час прэс-канферэнцыі "100-годдзе беларускага кінематографа: гістарычныя сэнсы і новы кантэкст. Пра здымачны працэс фільма "Дэманстратар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер у нас у вытворчасці каля 12 дакументальных фільмаў. Усе яны - на актуальныя тэмы. Ёсць некалькі кінастужак пра нашых герояў: Аляксея Талая, Аляксандра Мядзведзя і іншых людзей, пра генацыд беларускага народа, пра вытворчасць кіно і работу кінастудыі на працягу 100 гадоў. Зусім нядаўна мы выпусцілі ў пракат ваенна-гістарычную драму "Час вярнуцца" пра аперацыю "Баграціён". Мы яшчэ раз нагадалі беларусам і ўсяму свету, дзе ламаўся хрыбет фашызму. У снежні на экранах плануюць паказаць фільм "Чорны замак Альшанскі", а пазней адправіць яго на шэраг фестываляў, у тым ліку ў Індыю. Мы падрыхтавалі ўжо субцітры на англійскай мове", - сказаў Юрый Аляксей.

"Каля двух месяцаў таму мы прынялі ўдзел у фестывалі ў горадзе Мумбаі ў Індыі, завязалі кантакты з індыйцамі. Цяпер мы вядзём перагаворы і прапрацоўваем магчымыя сумесныя праекты. Таксама завяршаем напісанне сцэнарыя (і чакаем дэлегацыю з Кітайскай Народнай Рэспублікі) па сумеснай вытворчасці фільма. Сёння у Беларусь прыляцеў Ігар Угольнікаў, з якім мы вядзём перагаворы па кінастужцы "Бацька Мінай". Плануем, што яна выйдзе на экраіны Беларусі і Расіі ў канцы 2025 года. У вытворчасці знаходзіцца 4 анімацыйныя фільмы. У жніўні мы завершым вытворчасць першага 3D-мультфільма  пад рабочай назвай "Песні Сірын" і будзем планаваць яго да пракату ў кінатэатрах Беларусі і Расіі", - дадаў Юрый Аляксей.

Адзін з галоўных праектаў, які плануе прадставіць Нацыянальная кінастудыя, - трылогія да стагоддзя беларускага кінематографа. Першы яе фільм "Дэманстратар" прысвечаны станаўленню кіно на тэрыторыі нашай дзяржавы. Кінарэжысёр Яўген Сяцько вырашыў расказаць пра нямое кіно і перадаць яго стылістыку з дапамогай пэўнага спосабу здымкі і запалу акцёрскай гульні. "Я думаю, гэта будзе сумленна ў адносінах да піянераў нямога кіно, тых, хто займаўся пракатам, рабіў нясмелыя крокі для вытворчасці фільмаў. Ідэя паказаць працэс вытворчасці фільмаў і жыццё таго часу грэла ўвесь калектыў. У гэтым фільме ёсць мастацкая выдумка, але частка асновы дакументальная. Кінастужка выканана ў ігравым фармаце з устаўкамі хронікі", - растлумачыў Яўген Сяцько.

Выканаўца ролі кінадзеяча Рыхарда Штрэмера акцёр Аляксандр Дзешчыц адзначыў, што творчы працэс быў вельмі цікавым, паколькі фільм уяўляе сабой сімбіёз мінулага і сучаснага, а актыўны, дынамічны працэс здымак надоўга застанецца ў яго сэрцы. Паводле слоў асістэнта рэжысёра Марыны Данекінай, фільм закране сэрцы гледачоў, паколькі гэта тая гісторыя, якую трэба ведаць кожнаму з беларусаў і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускага кіно.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі