Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 ліпеня 2025, 15:14

"Гэта жывое мастацтва, таінства". Балет "Анастасія" да 70-годдзя Вячаслава Кузняцова паказалі ў Вялікім тэатры

Фота Вялікага тэатра
Фота Вялікага тэатра
5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Балет "Анастасія" паказалі 4 ліпеня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі да 70-гадовага юбілею знакамітага беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, уладальніка медаля Францыска Скарыны Вячаслава Кузняцова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў 2005 годзе адбылася прэм'ера оперы Вячаслава Кузняцова "Запіскі вар'ята". Яго балет "Вітаўт" з'явіўся ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі ў 2013-м. Пазней, у 2018-м, Кузняцоў зноў звярнуўся да эпохі Вялікага Княства Літоўскага - ужо ў балеце "Анастасія".

Галоўныя партыі ў балеце выканалі народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна (Настасся), Антон Краўчанка (Сямён), заслужаны артыст рэспублікі Юрый Кавалёў (Міхаіл Глінскі), уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык (Заіра), Уладзімір Руда (Хан Ахмат), Дзяніс Шпак (Іван). За дырыжорскім пультам - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.

"У мяне перад гэтым быў балет "Вітаўт". З вельмі вялікай энергіяй мы рабілі яго, і ён атрымаўся. "Анастасія" была пасля балета, пісалася з вялікім задавальненнем, таму што тэма цудоўная. У нас выдатныя артысты. Наогул, наш балет лепшы. І тэатр... Я з вялікім задавальненнем яго (балет "Анастасія". - Заўвага БЕЛТА) пісаў. Ужо сем гадоў мінула, а як быццам учора мы тут рэпеціравалі, - расказаў Вячаслаў Кузняцоў. - Я думаю, што балет атрымаўся. Там шмат эмоцый, шмат пачуццяў. Выканаўцы таксама з задавальненнем танцуюць".

Імя Вячаслава Кузняцова добра вядома ў асяроддзі прафесійных музыкантаў і аматараў сучаснай беларускай музыкі. Яго творы ўваходзяць у рэпертуар вядучых музычных калектываў Беларусі, а творчасць вызначаецца вялікай разнастайнасцю жанраў. Гэта оперы, балеты, сімфоніі, вакальна-інструментальныя творы малой і вялікай формы.

"Балет - гэта жывое мастацтва, і кожны раз яно новае, і кожны раз яно здзіўляе. Нейкае таінства, якое немагчыма словамі перадаць. Таму заўсёды я стараюся быць звычайным гледачом. Хоць не заўсёды атрымліваецца. Слухаю сваю музыку, прыдзіраюся часам. І іншым разам думаю, што мог бы інакш рабіць. Але часам адцягваецца ўвага і слухаю, як звычайны глядач. І сапраўды паддаешся ўплыву эмоцый выканаўцы. Яны кожны раз новыя, кожны раз больш глыбокія, яркія", - падкрэсліў Вячаслаў Кузняцоў.

Вячаслаў Кузняцоў 15 чэрвеня адзначыў 70-годдзе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі