Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 жніўня 2020, 18:37

Гарсэт, каптур і разныя калаўроты - у Брэсце прэзентуюць выставу "Па слядах музейных экспедыцый"

21 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі 27 жніўня адкрыецца выстава "Па слядах музейных экспедыцый", прымеркаваная да 70-годдзя музея. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца навукова-метадычнага аддзела Вольга Новікава.

"Кожную знакавую падзею мы адзначаем выставай. Хочацца паказаць, якія калекцыі сабраны за 70 гадоў. Наш музей краязнаўчага профілю, таму ў першую чаргу прадставім этнаграфічную калекцыю. Яна ў нас вельмі багатая і разнастайная, налічвае больш як 2 тыс. прадметаў: тканіны, дрэва, ганчарства", - расказала Вольга Новікава.

Для выставы адабраны каля 100 найбольш яркіх экспанатаў, сабраных у час экспедыцый па Брэсцкай вобласці. Будуць прадстаўлены праблемы побыту і рамёстваў, народныя касцюмы канца XIX - пачатку ХХ стагоддзя. Многія экспанаты шырокай публіцы пакажуць упершыню. Напрыклад, наведвальнікі змогуць убачыць калодны вулей і дымакур, жаночую безрукаўку гарсэт і рэканструяваны галаўны ўбор Дамачаўскага строю каптур.

"Дамачаўскі строй адрозніваецца ад іншых сваёй насычанай колеравай гамай і пераважаннем чорнага колеру. Такога галаўнога ўбору да мінулага года ў нас не было. Яго рэканструкцыю выканала мінская майстрыха Галіна Рудніцкая, - адзначыла загадчыца аддзела. - На выставе мы прадставім і калекцыю драўляных калаўротаў. Разнымі лопасцямі да іх славіўся Камянецкі раён. Калаўроты можна аднесці да твораў народнага мастацтва. Дапоўняць экспазіцыю знакамітыя бездзежскія фартушкі, драўляныя кампазіцыі народнага майстра Мікалая Тарасюка".

Выстава будзе працаваць да 10 лістапада. "Мы пастараліся паказаць, чым раней карысталіся людзі, што насілі і якімі былі таленавітымі. Уручную, без сучасных прыстасаванняў яны рабілі ўнікальныя рэчы з прыродных матэрыялаў. Усё гэта было вельмі функцыянальным і эстэтычным, што сведчыць пра багатую традыцыйную культуру і таленавіты народ", - падкрэсліла Вольга Новікава.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей - адзін з найстарэйшых у рэгіёне. Ён створаны ў 1950 годзе, першая экспазіцыя адкрылася 22 чэрвеня 1957 года. У яго асноўным фондзе налічваецца больш за 175 тыс. прадметаў з 23 калекцый, яшчэ звыш 56 тыс. - у фондзе навукова-дапаможных матэрыялаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі