Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 жніўня 2020, 16:48

Галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі стаў Вячаслаў Чарнуха-Воліч

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Вялікім тэатры Беларусі прайшоў традыцыйны сход калектыву перад адкрыццём 88-га сезона. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў службе маркетынгавых камунікацый тэатра.

"Галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі стаў Вячаслаў Чарнуха-Воліч, а загадчыкам опернай трупы - лаўрэат міжнародных конкурсаў меца-сапрана Наталля Акініна. Ніна Казлова, якая знаходзілася на гэтай пасадзе раней, узначаліць Савет ветэранаў тэатра", - расказалі ў Вялікім.

Мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў расказаў аб запланаваных прэм'ерах 88-га сезона. У верасні будуць прадстаўлены два новыя спектаклі: балет "Пер Гюнт" на музыку Эдварда Грыга ў пастаноўцы маладога харэографа Сяргея Мікеля і опера Джакама Пучыні "Вілісы. Фатум" рэжысёра Аксаны Волкавай. У пастаноўцы Валянціна Елізар'ева ў кастрычніку гледачы ўбачаць прэм'еру новай рэдакцыі балета "Шчаўкунок". Ад рэжысёра-пастаноўшчыка Ганны Маторнай у лістападзе плануецца прэм'ера оперы Шарля Гуно "Фаўст". У снежні чакаецца дзіцячая опера Глорыі Бруні "Пінокіа" ў пастаноўцы маладога рэжысёра Наталлі Бараноўскай. Паводле слоў мастацкага кіраўніка, у 2021 годзе балет "Лебядзінае возера" пакажуць у ранейшай, традыцыйнай рэдакцыі Асафа Месерэра, а юныя гледачы ўбачаць адноўленую рэдакцыю балета "Чыпаліна" Карэна Хачатурана.

У верасні тэатр правядзе дабрачынную акцыю: людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пенсіянеры, шматдзетныя сем'і, дзеці-сіроты, медыцынскія работнікі, студэнты змогуць наведаць усе спектаклі бясплатна.

Дырэктар тэатра Яўген Пятровіч павіншаваў супрацоўнікаў з высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ганаровага звання "Народны артыст Беларусі" ўдастоены саліст оперы - вядучы майстар сцэны Уладзімір Громаў. Артыстка аркестра - вядучы майстар сцэны Ларыса Ласоцкая стала заслужанай артысткай Беларусі, дырыжор Андрэй Галанаў - заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны артыст аркестра - вядучы майстар сцэны Аляксей Афанасьеў, дырыжор Іван Касцяхін, артыстка хору Святлана Цітова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі