Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 красавіка 2022, 17:23

Галоўным балетмайстрам Вялікага тэатра стаў Ігар Колб

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Вялікім тэатры Беларусі сёння прадставілі новага галоўнага балетмайстра Ігара Колба, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Ігар Колб - заслужаны артыст Расіі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, у тым ліку міжнароднага конкурсу Vaganova-Prix. Да гэтага назначэння ён быў прэм'ерам Марыінскага тэатра і выкладчыкам у Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава.

Артыст нарадзіўся ў Пінску. Скончыў Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. Ужо на 3-м курсе ён пачаў танцаваць у Вялікім тэатры Беларусі. Выканаў партыі Бенволіа і Меркуцыа ў балеце "Рамэа і Джульета" ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева і прынца Дэзірэ ў "Спячай прыгажуні".

У трупе Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу Ігар Колб пачаў працаваць у 1996 годзе. Яго называюць самым вядомым выканаўцам лірыка-рамантычнага рэпертуару Марыінскага тэатра. Ён з'яўляўся партнёрам знакамітых балерын, такіх як Ульяна Лапаткіна, Дзіяна Вішнёва, Жанна Аюпава, Святлана Захарава, Ірма Ніарадзэ і Дар'я Паўленка. Танцоўшчык выступаў у галоўных партыях у "Жызэлі", "Карсары", "Лебядзіным возеры", "Спячай прыгажуні", "Шчаўкунку", "Папялушцы", "Шапэніяне" і "Шэхеразадзе".

У 2002 годзе Ігар Колб дэбютаваў на сцэне Рымскай оперы ў партыі прынца Дэзірэ ў балеце "Спячая прыгажуня". Затым у 2006 годзе выканаў партыю прынца Зігфрыда ў балеце "Лебядзінае возера" П.І.Чайкоўскага на сцэне Венскай оперы. Ігар Колб - пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў балета і запрошаная зорка міжнародных фестываляў Dance open, "Каралі танца", "Зоркі сусветнага балета" і "Віртуозы сусветнага балета". Артыст гастраліраваў з трупай Марыінскага тэатра ў Расіі і за мяжой.

У 2007 годзе Ігар Колб удзельнічаў у праекце "Silenzio. Дзіяна Вішнёва", а ў 2009 годзе харэограф Раду Паклітару спецыяльна для танцора паставіў балет у адной дзеі "Двое на арэлях". У 2009 годзе ў Токіа адбыўся гала-канцэрт "Ігар Колб і сябры" з удзелам сусветных зорак лепшых балетных сцэн свету. У тым жа годзе ён станцаваў вядомыя дуэты з балета "Пруст" у развітальным туры знакамітай японскай балерыны Таміе Кусакары. У тым жа годзе Ігар Колб атрымаў званне заслужанага артыста Расіі.

Паспяхова сумяшчаючы артыстычную і выкладчыцкую дзейнасць, Ігар Колб займаўся таксама прадзюсарскімі і адукацыйнымі праектамі. Сёння ён вярнуўся ў Мінск у Вялікі тэатр Беларусі, у якім пачынаў сваю творчую дзейнасць. Паводле слоў артыста, ён заўсёды помніў пра свае вытокі, пра Вялікі тэатр і спадзяецца прынесці максімальную карысць на пасадзе галоўнага балетмайстра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі