Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 лістапада 2020, 14:47

Галасаванне гледачоў на сайце дзіцячага "Еўрабачання" стартуе 27 лістапада

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Анлайн-галасаванне гледачоў на афіцыйным сайце дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" стартуе 27 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Белтэлерадыёкампаніі.

"Анлайн-галасаванне гледачоў адкрыецца 27 лістапада на афіцыйным сайце праекта junioreurovision.tv 27 лістапада ў 22.00, - расказалі ў медыяхолдынгу. - Прагледзеўшы відэаролікі з выступленнямі ўсіх канкурсантаў, можна выбраць трох выканаўцаў, якія спадабаліся, у тым ліку і ўдзельніка ад сваёй краіны. Галасаванне завершыцца непасрэдна перад пачаткам шоу 29 лістапада і адкрыецца зноў пасля выступлення ўсіх артыстаў, але ўжо на 15 мінут".

Галасы гледачоў і прафесіяналаў будуць размяркоўвацца ў суадносінах 50/50. Дарэчы, члены журы выставяць свае ацэнкі ўжо 28 лістапада, прагледзеўшы прадстаўленыя на конкурс выступленні ўдзельнікаў. Як чакаецца, у гэты ж дзень адбудзецца прэс-канферэнцыя з усімі ўдзельнікамі конкурсу. Яна пройдзе ў анлайн-фармаце на афіцыйным сайце конкурсу.

У фінальным шоу выступяць удзельнікі з 12 краін: Беларусі, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Казахстана, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Сербіі, Украіны і Францыі. Яны прадставяць сцэнічныя нумары, запісаныя спецыялістамі нацыянальных тэлевяшчальнікаў з улікам адзіных рэкамендацый і правіл Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Беларусь на гэты раз прадставіць 12-гадовая магіляўчанка Арына Пехцерава. Юная выканаўца - пераможца многіх рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсаў і фестываляў. На дзіцячым "Еўрабачанні-2020" яна выступіць з песняй "Прыхадні". Згодна з праведзенай 23 лістапада жараб'ёўкай, выступленне беларускай выканаўцы будзе паказана ў прамым эфіры пад нуманам 5.

У адпаведнасці з рашэннем ЕВС, у сувязі са складанай эпідабстаноўкай у свеце сустрэча канкурсантаў са шматмільённай аўдыторыяй праекта пройдзе ў фармаце жывых тэлемастоў. Для Арыны Пехцеравай і яе творчай каманды ў сценах Белтэлерадыёкампаніі будзе арганізавана тэматычная Green room, пабудаваная ў адзінай для ўсіх краін-удзельніц стылістыцы.

Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2020" адбудзецца 29 лістапада. 18-ы дзіцячы песенны форум будзе праходзіць у прамым эфіры з Варшавы ў тэлестудыі з усімі вядучымі і неабходнай камандай, якая будзе захоўваць сацыяльную дыстанцыю. У час яго будуць прадстаўлены выступленні ўсіх удзельнікаў, запісаныя раней у сваіх краінах. Прамую трансляцыю з 19.00 будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Слоган дзіцячага "Еўрабачання-2020" - "Рухай свет!" (Move the world!). На лагатыпе адлюстравана планета, размаляваная ў розныя колеры. Сэнс лагатыпа і слогана ў тым, што людзі кожны дзень выконваюць свае абавязкі, тым самым рухаюць свет.

Як вядома, Польшча другі раз запар з'яўляецца арганізатарам дзіцячага "Еўрабачання". У 2018 годзе ў песенным конкурсе, які праходзіў у Мінску, перамагла польская спявачка Раксана Венгель з песняй Anyone I Want to Be. У мінулым годзе ў час конкурсу, які праходзіў у польскім горадзе Глівіцы, перамога зноў дасталася польскай удзельніцы Вікі Габар, яна выканала песню Superhero.

Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання - з 2003 года. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У 2018 годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага Еўрабачання і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне "Мінск-Арэны" выступілі юныя артысты з 20 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі