Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 мая 2022, 15:26

Гала-канцэрт і піратэхнічнае шоу адкрыюць першы дзень фестывалю нацыянальных культур у Гродне

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 3-5 чэрвеня, паведаміла журналістам начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хочацца ў першую чаргу запрасіць гасцей і жыхароў рэспублікі прыняць удзел у фестывалі нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродне з 3 па 5 чэрвеня. Мы бачым актуальнасць яго правядзення і павелічэнне цікавасці. У горадзе збяруцца прадстаўнікі каля 30 нацыянальнасцей і прадэманструюць сваю культуру, традыцыі, звычаі, - расказала Ірына Карповіч. - Гэты фармат фестывалю адзіны ў краіне, таму кожны год з'яўляецца нешта цікавае, пашыраецца колькасць удзельнікаў. Спадзяёмся, падзея загучыць у бягучым годзе зусім інакш і надасць новую афарбоўку фестывальнаму руху і турыстычнаму патэнцыялу Беларусі".

Як адзначыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, фестываль нацыянальных культур падтрымлівае і захоўвае лепшыя традыцыі. "Безумоўна, гэта захаванне важных і самых цікавых мерапрыемстваў, такіх як работа нацыянальных падворкаў, маляўнічае і маштабнае шэсце нацыянальнасцей", - падкрэсліла яна.

Паводле яе слоў, для турыстаў у Гродне падрыхтаваны гасцінічныя месцы, ёсць магчымасць засяліцца ў суседнія аграсядзібы. Будзе арганізавана 170 месцаў харчавання.

Фестываль уключае больш за 50 мерапрыемстваў, якія будуць цікавыя людзям розных узростаў. Так, увечары 3 чэрвеня адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю, гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі і нацыянальных дыяспар "Агонь адзінства", святочнае светлавое і піратэхнічнае шоу, выступленне хэдлайнераў.

4 чэрвеня ў беларускім падворку "Дамашні ачаг" майстры і калектывы народнай творчасці прадэманструюць адметныя асаблівасці ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У скверы на вул.Тэльмана, 4, адкрыюць манументальна-дэкаратыўную скульптуру, прысвечаную фестывалю. У горадзе таксама можна будзе ўбачыць канцэртныя праграмы беларускіх калектываў, наведаць пляцоўкі нацыянальных дыяспар "Агонь творчасці", кінадворык, дзе адбудуцца сустрэчы з вядомымі людзьмі, майстар-класы і літаратурныя сустрэчы.

На Аўгустоўскім канале 5 чэрвеня адкрыецца "Фестываль культуры ўсіх народаў". Тут пройдуць забаўляльныя эпізоды, што адлюстроўваюць элементы знакамітых фестываляў у культуры розных народнасцей, прэзентацыя вырабаў народных майстроў і цэнтраў рамёстваў Гродзенскай вобласці, а таксама фестываль танца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі