Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 мая 2022, 10:36

Франтавыя пісьмы і тэлеграмы пакажуць на выставе "Жывыя радкі вайны" ў Брэсце

4 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей падрыхтаваў выставу "Жывыя радкі вайны", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ніна Кірылава.

Выстава пачне працаваць з 5 мая. Яна расказвае аб рабоце ваенна-палявой пошты і франтавых пісьмах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Музейныя работнікі сабралі ў экспазіцыі больш за 300 прадметаў. Асаблівую цікавасць выклікаюць пісьмы франтавікоў, якія яны пісалі сваім родным і блізкім. Карэспандэнцыя доўгі час беражліва захоўвалася ў сем'ях, затым яе перадалі ў абласны музей. У фондах налічваецца 138 франтавых пісем. Амаль усе яны ўпершыню будуць прадстаўлены публіцы.

"Усе, хто пісаў, маюць дачыненне да Брэсцкай крэпасці: ваеннаслужачыя нарадзіліся або пасля вайны тут жылі. Яны пісалі, што ў іх усё нармальна, служаць і б'юць ворага. Супакойвалі родных і верылі ў перамогу, спадзяваліся, што застануцца жывымі. У адным пісьме франтавікі стараліся звярнуцца да ўсіх блізкіх. Пыталіся аб простых, але самых галоўных пытаннях: аб здароўі і жыцці родных, сяброў і знаёмых", - расказала Ніна Кірылава.

Пісьмы размеркавалі па гадах: 1941, 1942-1944, 1945 гады. Так можна прасачыць, з якім настроем байцы пісалі дадому. Напрыклад, у першай групе пакажуць толькі адно пісьмо. Яго сваім бацькам напісаў Веньямін Кудзелін у пачатку вайны з Маларыцкага раёна. Ён прасіў бацьку і маці не сумаваць, калі з ім штосьці здарыцца, "такая ўжо справа вайна". Веньямін Кудзелін быў дырэктарам мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой".

Экспазіцыю дапоўнілі арыгіналамі з іншых калекцый: дакументальнай, фотадакументальнай, фалерыстыкі, жывапісу, графікі, рэчавай і іншых. Упрыгажэннем выстаўкі стануць тэматычныя карціны і плакаты. Для яе з прыватнай калекцыі ўдалося атрымаць больш за 30 тэлеграм, адпраўленых у 1941-1945 гадах.

Выстава "Жывыя радкі вайны" будзе адкрыта да 6 чэрвеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі